Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Апошнія нічога не маглі навет падазраваць аб тым, што іх чакае. Толькі кн. Оранскі, мéўшы дасьведчаньне ў дворскіх інтрыгах ды ўжо папярэджаны аб плянах Піліпа ІІ, стараўся пераканаць сваіх прыяцеляў аб небясьпецы, якая ім пагражала, і падгаварыць іх да аружнага адпору, або да ўцёку. Але ўсё было надарэмна. Эгмонт, добры каталік, не пачуваў за сабою ніякае віны; памятаючы свае заслугі для Піліпа ў часе апошняе вайны з Французамі, ён не хацеў ісьці супраць караля і паверыць у ягоную нясумленнасьць. Гэтак сама думаў і Горн. На саюз гéзаў нельга было рахаваць, бо апошні рэволюцыйны рух проці абразоў аддаліў ад яго каталікоў. Дык мусіў кн. Оранскі ўцякаць з краю, Альба-ж без перашкод увайшоў у Брюссэль. Супакоіўшы асьцярожнасьць Эгмонта і Горна пачэсным прыняцьцем, ён загадаў арыштаваць іх на сходзе дзяржаўнае рады. Далей устанавіў ён спэцыяльны суд для караньня гэрэтыкоў і агітатараў, назваўшы яго: "радай непарадкаў", - народ-жа назваў яе "крываваю радаю". Адзін з судзьдзяў заявіў, што усé Нідэрляндцы заслужылі сабе шыбеніцу: адны за тое, што бурылі абразы, другія-ж за тое, што гэтаму не перашкаджалі. Гэтага прынцыпу і трымалася "крывавая рада". Што дня выдаваліся і спаўняліся прысуды сьмерці: вешалі, саджалі на кол, сяклі галовы ды палілі няшчасных Нідэрляндцаў. На Ратушовым пляцу ў Брюссэлі сказьнілі Эгмонта і Горна, як вінных у абразе маестату; выданы быў таксама прысуд і на няпрысутнага кн. Оранскага.

Сотні тысяч Нідэрляндцаў паўцякалі з бацькаўшчыны; гандаль і прамысловасьць замерлі, як-бы ў часе пощасьці.

Надарэмна стараўся кн. Оранскі разам з братамі сваймі на чале наёмных войскаў, сабраных у Нямеччыне, вызваліць ад ворагаў нешчасьлівую бацькаўшчыну; пераважаючыя сілы Альбы прымусілі яго адступіць.

Ламаючы загварантаваныя правы провінцыяў, Альба ўстанавіў новыя падаткі: кожны грамадзянін краю павінен быў заплаціць сотную частку сваей маемасьці; апрача таго пры кожнай прадажы нярухомасьці трэба было плаціць двадцатую частку вартасьці, а ў гандлю-дзесятую частку цаны праданага тавару.

Дагэтуль большая часьць насяленьня моўчкі цярпела ярмо тэрору. Аднак, гэтыя шалёныя падаткі, якія ляглі роўна на ўсіх бяз розьніцы веры, ды зьніштажалі дабрабыт краю, выклікалі агульны адпор.

Альба ўжо зьбіраўся загадаць новыя рэпрэсіі, калі прылучыліся падзеі, на якія ён быў прымушаны зьвярнуць большую ўвагу.