Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але на крывавыя наказы абураліся навет каталікі. Найвышэйшыя-ж урадоўцы краю спаміж Нідэрляндцаў, як Вільгэльм Насаў, прынц Оранскі, граф Горн і Лямораль гр. Эгмонт, якія, будучы дзяржаўнымі раднікамі і нямéсьнікамі ў найважнейшых провінцыях, дапамагалі Маргарыце ў кіраваньні краем, прасілі Піліпа ІІ мéць літасьць для народу і перасьцерагалі, што рэпрэсіі могуць мець вельмі непажаданыя рэзультаты. У адказ на гэта Піліп загадаў сястры, каб дзейнасьць інквізіцыі была яшчэ больш узмоцнена і каб кожнага ўрадоўца, які ня рупіцца аб спаўненьні процігэрэтыцкіх законаў, выдалялі са службы.

Тады энэргічнейшае баярства (шляхта) стварыла саюз проці інквізіцыі. За некалькі месяцаў саюзны дакумэнт падпісалі 2000 баяраў бяз розьніцы вызнаньня. Вясною 1566 г. трыста саюзных коньнікаў урачыста ўéхалі ў Брюссель і падалі рэгентцы пэтыцыю, у якой была просьба спыніць прасьледаваньні. Адзін з раднікаў Маргарыты сказаў пафранцуску (гэта была прыдворная мова ў Брюссэлі), што яна „хіба-ж ня будзе баяцца гэтых жабракоў" (gueux). Опозіцыя прыняла гэтае апошняе слова за назоў сваёй партыі, і ў хуткім часе па ўсім краю разнёсся кліч: "няхай жывуць жабракі!" Гэтак утварыўся партыйны назоў „гéзы", які называлі сябе ўсе Нідэрляндцы, змагаючыся за волю.

Выступленьне шляхты прымусіла Маргарыту спыніць прасьледаваньні; у рэзультаце-ж гэтага кальвіністы пачалі вольна зьбірацца. На жаль, нарадамі ды набажэнствамі справа ня скончылася. У Антвэрпэне фанатычная маса ўварвалася ў катэдру і разбурыла ўсё ў ёй у сярэдзіне: алтары, конфэсіяналы, статуі, вітражы, абразы. Большасьць гэтых прадметаў станавіла цэнныя памяткі старасьвецкага мастацтва; гэтак зроблены быў запраўды вандальскі ўчынак. Неўзабаве разбураны былі творы мастацтва ва ўсіх цэрквах і капліцах Антверпэна. Рух гэты пашырыўся па ўсім краі, сéючы ўсюды спусташэньне. Злосьць, выяўленая пры гэтым, робіць уражэньне, што масы хацелі на няжывых прадметах памсьціцца за нязьлічоныя ахвяры рэформацыі.

3. Альба у Нідэрляндах. Даведаўшыся аб рэволюцыйным руху ў Нідэрляндах, Піліп ІІ прысягнуў, што пакарае бязбожнікаў так, як яшчэ таго сьвет ня бачыў. Хаця Маргарыта пры помачы кн. Оранскага, Эгмонта і Горна вярнула парадак, цяжка пакараўшы вінавайцаў і ўчасьнікаў руху, Піліп ІІ ўсёж выслаў у Нідэрлянды лютага ворага гэрэнтыкоў, кн. Альбу, на чале лепшае гішпанскае арміі, каб зрабіць сьмяротны ўдар рэлігійнай і палітычнай вольнасьці краю. Альба мéў загад зьніштожыць усіх, хто будзе сьпірацца проці новага парадку, а перадусім трох найбольш популярных раднікаў гаспадарства: кн. Оранскага, Эгмонта і Горна.