Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Апрача Італіі больш нідзе ня было гэтак густа разложаных, людных і цьвітучых местаў, як у Нідэрляндах. Нідэрляндзкія порты мелі вялікае значэньне, бо, дзякуючы свайму палажэньню, былі пасрэднікамі ў гандлю Паўночы з Паўднём і Усходу з Захадам. У Антверпэн прыбывалі з таварамі з усіх часьцін сьвету Португальцы, Гішпанцы, Італьянцы, Французы, Англійцы, Немцы, Данцы і Швэды. Гаварылі, што там за адзін месяц рабілася больш інтарэсаў, чым у Вэнэцыі за два гады. Сухазéмныя мéсты цьвілі дзякуючы высока разьвітай прамысловасьці, асабліва-ж дзякуючы такім вырабам, як сукны, артыстычна робленыя абіцьці і г. д.; а ўсюдых пышныя цэрквы, ратушы і іншыя будоўлі казалі аб заможнасьці нідэрляндзкага мяшчанства. Кожная провінцыя, кожнае места мелі асобныя правы і вольнасьці. Кожнай провінцыяй кіравалі г: зв. провінцыяльныя штаты, зложаныя з прадстаўнікоў розных мясцовасьцяў. А над усімі провінцыямі стаялі генэральныя штаты, зложаныя з прадстаўнікоў провінцый, але залежныя ад найвышняе ўлады монарха. Пры Каралю V монаршую ўладу прадстаўляла яго сястра, Марыя, угорская каралева; апроч таго, над провінцыямі стаялі намесьнікі, якіх назначаў імпэратар, пры рэгéнтцы-ж была рада, гэтак сама назначальная, незалежная ад Рады Гаспадарства, у каторай засядалі нідэрляндзкія паны.

Кароль V, які радзіўся ў Гандаве, лічыў сабе Нідэрляндцам, ды гэтак сама думалі аб ім і ў Нідрляндах. Хаця-ж ён і ціснуў усé праявы рэформацыі і, як толькі мог, абмежаваў вольнасьці ды прывілеі, быў ён, аднак, вельмі популярным сярод Нідэрляндцаў. З другога боку, разважны кароль V, калі ня йшло аб рэлігійныя справы, сьцярогся выяўляць свае абсолютыстычныя пляны ў адносінах да Нідэрляндаў, бо з гэтага краю ён меў вялікія даходы.

Нідэрляндцы былі вельмі нездаволены, калі, пасьля зрачэньня пасаду Караля V, іхні край перайшоў пад уладу Піліпа ІІ, якога яны ўжо наперад зьненавідзелі, як Гішпанца. Становішча рэгенткі ў Нідэрляндах заняла сястра Піліпа ІІ, Маргарыта, кн. Пармская, па матцы-Нідэрляндка; гаспадарыла яна памяркоўна і разумна. Піліп ІІ, бяручы ўладу, урачыста прысягнуўся, што правы Нідэрляндцаў будуць забясьпечаны; але ад самага пачатку ён ужо мяркаваў, каб як іх здушыць, каб Нідэрлянды, як і ягоныя гішпанскія ды італьянскія землі, слухаліся яго самаўладзтва. Апрача таго, ён з гнéвам заўважыў, што сярод гэтага інтэлігентнага і рухавага народу, ня гледзячы на законы проці гэрэтыкоў, устаноўленыя ягоным бацькам, кальвінская рэформацыя пашыраецца і ўсё больш узмацоўваецца. Вось ён і дамагаўся, каб рэгéнтка самымі жорсткімі спосабамі зьніштажала гэрэзыю.