Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пачынаць. Ня маючы размаху і адважнае ініцыятывы, ён сваёй маруднасьцяй няраз шкодзіў самым памысным рэзультатам сваіх уласных пачынаньняў. Яго-ж дэспотызм і няздольнасьць лічыцца з выпадкамі ўціскалі ўсé яго краі і сталіся прычынаю іх упадку.

Піліп ІІ быў самым магутным монархам сваей эпохі[1]. Ад часу войнаў паміж Францішкам І і Каралём V гішпанскія войскі славіліся, як непераможныя; марская-ж магутнасьць Піліпа выявілася ў бліскучай перамозе, якую меў ягоны брат Дон-Хуан д'Аўстрыя над туркамі пад Лепанто (1571).

Апроч усяго гэтага, шчасьлівая доля аддала ў рукі Піліпа адзінае гаспадарства, якое-б магло конкураваць з гішпаніяй, як марская і колёніяльная сіла: Португалію. Малады кароль гэтае стараны, Сэбастыян, гадунец езуітаў, поўны рэлігійнага запалу, пайшоў крыжавым паходам на Мароко, прайграў генэральную бітву і згінуў бяз весьці. Бліжэйшых наступнікаў па ім не асталося, і дзеля таго Піліп ІІ, які праз матку быў сваяком португальскага дому, абвéсьціў свае прэтэнсіі на Португалію. Аднак, Португальцы не хацелі аб гэтым і слухаць. Тады ён выслаў у Португалію войскі пад камандаю кн. Альбы, які гэты край заваяваў (1580).

Ад гэтага часу яшчэ большыя заморскія абшары падлягалі яго ўладзе. Як Усходняя, так і Заходняя Індыя засыпалі яго сваімі скарбамі. Нейкі час ён, як муж Марыі, дадаваў сабе ўжо і тытул караля Англіі. Пасьля-ж яé сьмерці ён стараўся ўмацаваць сваю ўладу на Брытанскіх астравох, сьпярша просячы рукі Альжбеты, а калі тая яго адкінула, дык дамагаючыся яé аружнай сілай. Вабіла яго і валаданьне Францыяй, якую руйнавала гострая хатняя вайна; наймацнейшая партыя тамака перахілялася на яго бок. Але ні адно з гэтых прыгожых лятуцéньняў ня споўнілася. Заместа таго, каб панаваць над сьветам, дажыўся Піліп та часіны, калі ўласнае ягонае гаспадарства пачало развалівацца, калі адзін з найлепшых краёў гішпанскае кароны, даведзены да адчаю ягонай тыраніяй, аружна здабыў сабе незалежнасьць.

2. Нідэрлянды. Першыя узварушэньні. Кароль V зьвязаў у палітычную суцэльнасьць 17 слаба між сабою зьвязаных бургундзкіх провінцый, г. зв. Бургундзкі вокруг. Гэта былі цяперашнія Голяндыя і Бэльгія. Паўночныя прыморскія провінцыі былі гандлёвыя і прамысловыя. Насяленьне, што там жыло, Фляманды, Голендры і Фрызы, належалі да германскага пляменьня. Паўднёвыя сухаземныя провінцыі былі найбольш земляробскія; жылі там Валёны, народ гальска-романскага пляменьня.

  1. § 4. Рэформацыя ў Нямеччыне (Кароль V).