Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

§ 7. Піліп ІІ, Нідэрлянды і Альжбета Англійская.

1. Піліп ІІ (1558-1598). Прыкладам рымска-каталіцкага гаспадарства была Гішпанія, калыска інквізіцыі і езуітызму. Хаця і там рэформацыя знайшла сабе прыхільнікаў, але яна не зачапіла народных масаў. Аўто-да-фэ, паленьне на вогнішчы ўсялякіх гэрэтыкоў, як прыкл. протэстантаў, Жыдоў, Маўраў і г. д., было самай прыемнай і популярнай забавай для гішпанскага народу.

Фанатызмам народу праняліся і ягоныя валадары. Кароль V, які дзеля палітычных прычын іграў у Нямеччыне ролю чалавека памяркоўнага, у сваіх спадчынных краëх выдаў гэткія жорсткія законы проці гэрэтыкоў, што, як кажуць, за час ягонага панаваньня ў адных толькі Нідэрляндах сьцяты, спалены і пахаваны жыўцом 50.000 чалавек. Ягоны сын, Піліп ІІ, быў якбы уасабленьнем гішпанскага рэлігійнага фанатызму. Гэта быў пануры, замкнёны ў сабе дэспот, як здавалася, пазбаўлены ўсякіх людзкіх пачуцьцяў; навет адзінага свайго сына, Дон-Карлёса, хаця той, праўда, быў калекім і фізычна і моральна, Піліп ІІ кінуў у вастрог, дзе той і загінуў. Ён пагарджаў правамі народаў, ад яго залежных, і кіраваў імі з сваіх палацаў у Мадрыце і ваколіцах яго жалезнай сілай сваёй волі. Нямілых сабé грамадзян, на якіх ня было правамочнага прысуду, ён зьніштажаў патаёмнымі забойствамі. Бязупыннымі войнамі ён марнаваў кроў і дабро сваіх падданых; але, ня гледзячы на ўсё, Гішпанцы славілі яго, як другога Салямона. Славілі за тое, што вельмі шанаваў Царкву, хаця часамі ўмеў спыняць залішне вялікія яе дамаганьні, і за тое, што недаверкаў прасьледаваў з заядлай лютасьцяй. Увесь час падганяў ён інквізіцыю да больш энэргічнае дзейнасьці-і свайго дабіўся: у некалькі гадоў зьнішчаны былі на Пірэнэйскім паўвостраве ўсé сьляды протэстанцтва.

Побач з рэлігійным фанатызмам Піліпа ІІ ішла яго бязьмежная амбіцыя. Заваяваць увесь сьвет сваімі войскамі і флётамі, на ўсю Эўропу узьдéць ярмо Рыму і Гішпаніі, — вось што было мэтаю ўсяе яго дзейнасьці. Аднак, нельга сьпірацца, што рабіў ён гэта ўсё з перакананьнем, што, як яму здавалася, рабіў дзеля дабра залежных ад яго народаў, дзеля славы дынастыі, вéлічы Гішпаніі і большае славы Божае. Як усé крывавыя дэспоты, ён быў падазрэнны і ня верыў нікому, а каб спаўняць свой абавязак - на яго пагляд сумленна, ён сам усюдых даглядаў і, будучы чалавекам досіць марудным, хістаючымся, нерашучым, адкладаў свае пастановы надоўга, а без пастановаў гэтых нічога нельга было