Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яны якраз кіраваліся гэтым прынцыпам. Звычайны моральны кодэкс не істнаваў для іх, калі трэба было дабіцца "сьвятое", на іх пагляд, мэты. Яны ня спыняліся перад найгоршым злачынствам, калі гэтага вымагалі іхнія пляны; забойства і фальшывая прысяга часамі дазвалялася і навет пахвалялася езуіцкімі спавядальнікамі. Дык-жа навет сярод прававерных каталікоў езуіты ня мелі вялікае прыхільнасьці. Так, прыкл., Паскаль, вучоны ды пабожны каталік, у сваіх вядомых лістох[1] вельмі гостра ганіць ды кляйміць дзейнасьць езуітаў.

4. Трыдэнцкі Сабор (1545-1563). Уплывы Карафы і Лёйолі панавалі над доўга жданым Трыдэнцкім Саборам. Баючыся, каб гэты сабор не пайшоў сьледам за папярэднім, што быў у Базэлі, папы адкладалі яго, як мага, ды некалькі разоў перарывалі на даўгі час яго працу. Ды гэты страх аказаўся дарэмным. Сабор прызнаў толькі патрэбу ўзмацненьня царкоўнае дысцыпліны, ды большае дбаласьці аб эдукацыю духавенства, але катэгорычна адмовіўся ад якіх небудзь уступак протэстанцкаму руху. Аднак, трэба заўважыць, што цэлібат духавенства (каб не жаніліся) і комунію пад аднэй пастацяй сабор ня прызнаў догматам (гэта зрабіла магчымай унію царквы русінска-грэцкае з рымскаю), але затое зганіў дамаганьне, каб гэтыя звычаі скасаваць, і зажадаў, каб іх пільнаваліся, як царкоўных наказаў. Прыпцыпова цэлібат духавенства ня толькі быў пакінуты (папа мог ад гэтага наказу звальняць), але навет узмоцнены, ня гледзячы на тое, што проці яго рашуча выступалі імпэратар Фердынанд І і Францыя. Таксама былі адкінуты і ўсé іншыя жаданьні протэстантаў, навет жаданьне скасаваньня гандлю адпустамі. Калі не догматычна, дык у кожным разе фактычна Трыдэнцкі Сабор прызнаў непамыльнасьць папы ў справах веры, і гэткім спосабам зьменшыў значэньне сaбораў. Наагул, здавалася, што мэтаю сабору было сабраць і ўмацаваць усé сярэднявéчныя перажыткі, якія пааставаліся у Царкве; сабор вымагаў сьляпое веры ўва ўсё, што хоць калі было ў гэтых справах сказана ці загадана, а на ўсіх недаверкаў кінуў страшное пракляцьце.

Гэткую "рэформу" правяла рымская царква; далейшым яе разьвіцьцём была жахлівая дзейнасьць інквізыцыі, рэзультатам-жа-страшныя рэлігійныя войны, якія на Заходзе каля ста гадоў зьніштажалі насяленьне і затрымлівалі культурнае разьвіцьцё народаў.

  1. Lettres à un provіncіal.