Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Перадусім трэба было пахіснуўшыяся ў веры народы затрымаць пры рымскай царквé і зьніштожыць протэстанцтва сярод тых народаў, якія галоўным чынам вызнавалі каталіцтва, ці прынамся аставаліся пад каталіцкаю ўладаю. Каб споўніць гэтыя заданьні, ордэр разьвіў нячувана энэргічную дзейнасьць. Найспрытнейшых і найбольш сьвецкіх сябраў езуіты высылалі, як спавядальнікаў і ўзгадавальнікаў, да монаршых двароў і такім чынам здабывалі вялізарны ўплыў на ўрады. Сымпатыі народных масаў езуіты здабывалі, пасылаючы да іх найлепшых прапаведнікаў, якія да тагож усé духоўныя паслугі спаўнялі бязплатна. Каб выбіць з рук протэстанцтва яго наймацнейшае аружжа, якім была яго перавага ў асьвеце, ордэр даваў сваім сябрам самую шырокую асьвету, царкоўную і сьвецкую, а найбольш здольным памагаў у навуковай і літэратурнай працы, адпаведнай прынцыпіяльным мэтам ордэру. Узброеныя ведаю і сьвéдамыя сваіх мэтаў, езуіты ўзялі ў свае рукі эдукацыю моладзі, добра разумеючы вялізарнае значэньне ўплываў школы. Усюдых твораць яны школы - ад самых ніжэйшых да найвышэйшых ступеняў. Езуіцкія школы стараліся паляпшаць мэтоды навучаньня і добра прыгатаўляць сваіх гадунцоў да жыцьця; дзеля гэтага ў працягу цэлага сталецьця яны славіліся, як найлепшыя. Навет протэстанты пасылалі сваіх дзяцей у езуіцкія школы.

Адначасна з гэтым езуіты стараліся пашырыць каталіцкія абшары, наварочуючы паганцаў. Ксавэры, адзін з першых таварышаў Лёйолі, паехаў у Індыю і Японію; па дарозе ў Кітай ён памёр, але ўсюдых, дзе ён праехаў, пааставаліся хрысьціянскія грамады, як сьляды яго дзейнасьці. Ані пустыні Монголіі, ані лютасьць Нэграў унутранае Афрыкі, ані дзікуны Новага Сьвéту не маглі спалохаць адважных, нязмораных байцоў за ідэю. Ім удалося навет у адвечных лясох Паўднёвае Амэрыкі заснаваць гаспадарства Індыянаў, Парагвай, дзе дзікуноў ня толькі навярнулі на хрысьціянства, але таксама зрабілі іх працавітымі земляробамі, рамесьнікамі і вернымі грамадзянамі краю. З гэтымі місыямі езуіты злучалі дужа зыскоўны гандаль, дзякуючы якому, а таксама розным ахвярам і спадчынам, езуіцкі ордэр меў у сваіх руках нязьлічоныя скарбы.

Мы бачым, што праца езуітаў ня рэдка была культурнаю і карыснаю для грамадзянства. Але ў іх дзейнасьці было шмат і цёмных бакоў. Перад усім трэба адзначыць іхнюю барацьбу з усякаю вольнаю думкаю, пры чым яны карысталіся ўсякімі спосабамі-і добрымі, і благімі. Хаця гэта і няпраўда, быццам галоўным дэвізам езуіцкіх статутаў была думка: "мэта бязьвініць спосабы", аднак, у практыцы