Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

замужам за сынам Нортумбэрленда. Але ледзь толькі Эдвард VІ памёр, як блізу ўвесь народ пайшоў за Марыяю проці зьненавіджанага баярска-протэстанцкага гаспадараньня.

7. Паварот да каталіцтва; узмацаваньне рэформацыі ў Англіі і англіканская царква. Кн. Нортумбэрленд быў змушаны ў уласным лагеры абвесьціць каралеваю Марыю Тюдор, але, ня гледзячы на гэта, быў арыштаваны і пакараны сьмерцяй. Таксама былі пазбаўлены жыцьця няшчасная прэтэндэнтка Іоанна Грэй і яе муж. Марыя ўзяла ўладу, абяцуючы, што захавае рэлігійную толеранцыю. Аднак, свайго абяцаньня яна не дадзержыла. Узгадаваная ў ненавісьці да протэстанцтва, яна гарэла жаданьнем помсты за ўцісканае ў Англіі каталіцтва і павароту для даўнейшага блеску панаваньня. Пляны яé сталі для ўсіх яснымі, калі яна, толькі што прызнаная за каралеву, ужо вышла замуж за найгоршага ворага рэформацыі, Піліпа ІІ, караля Гішпаніі, валадара Нідэрляндаў, Нэаполю, Амэрыкі і інш. Адразу пачаліся крывавыя прасьледаваньні прыхільнікаў і вызнаўцаў рэформацыі. Узгарэліся нязьлічаныя вогнішчы, на якіх палілі супраціўнікаў каталіцтва; у тым ліку быў спалены і Тамаш Кранмэр.

Але якраз гэтае крывавае хрышчэньне найбольш дапамагло разьвіцьцю рэформацыі, а ненавісьць да "крывавае каралевы" дайшла найбольшае сілы тады, калі яна самавольна ўблутала Англію ў вайну, якую Піліп ІІ вёў проці Францыі, і калі ў рэзультаце яé Англія страціла апошняе сваё валаданьне на контынэнце - Калé. Толькі сьмерць каралевы стрымала агульнае паўстаньне.

Сястра Марыі, Альжбета (1558-1603), дагэтуль трыманая як-бы ў вязьніцы, узяўшы ўладу, аднавіла рэформацыю. Яна прыняла протэстанцкія догматы, але кінула каталіцкую царкоўную гіэрархію і шмат даўнейшых абрадаў; зрабіла яна гэта, каб прыхіліць да сябе каталікоў, учасьці-ж затым, што сама любіла пышнасьць рымскага набажэнства. Гэтак паўстала англіканскае вызнаньне.

Але шмат протэстантаў не згаджалася на ўведзены Альжбетаю царкоўны лад, асабліва тыя, што, уцякаючы ад прасьледаваньняў за часоў Марыі, былі ў Жэнéве і там праняліся кальвінствам. Залежнасьць англіканскага духавенства ад біскупаў, якія даставалі загады ад кароны, а таксама цэрэмоніял у абрадах, абразы і г. д.-усё гэта яны лічылі грэшнаю астачаю, "папізму", ад якога стараліся ачысьціць царкву; за тое іх назвалі "пурытанамі". Дзеля таго-ж, што яны, згодна з дэмократычнымі прынцыпамі, хацелі, каб духоўная ўлада была ў руках прэзьбітэраў,-значыцца, выбар-