Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кароль ёсьць адзінным на зямлі, найвышэйшым галавою англійскае царквы, і загадаў, каб усé, пад страхам цяжкое кары, давалі прысягу, што прызнаюць гэтую ўладу караля над царквой (1534). Клемэнсу VІІ нічога больш не аставалася, як праклясьці Гэнрыка VІІІ; ён гэта і зрабіў.

Разыходзячыся з Рымам, Гэнрык VІІІ мéў на мэце толькі ўласныя інтарэсы і жаданьне памсьціцца. Дабіўшыся свайго, ён ані думаў праводзіць рэформу царквы ў протэстанцкім духу. Англійская царква мелася быць саўсім незалежнаю ад Рыму, а паза гэтым у-ва ўсім аставалася каталіцкай. Нялёгка было ўтрымацца на гэткім сярэднім становішчы паміж каталіцтвам і протэстанцтвам, тым больш, што з аднаго боку пашыралася перанесенае з контынэнту протэстанцтва, з другога-рымска-каталіцкая партыя была яшчэ даволі дужая.

Дзеля гэтага Гэнрых VІІІ роўна прасьледаваў як протэстантаў, так і рымскіх каталікоў, ды гэтым яшчэ больш узмацняў абедзьве гэтыя партыі. Ад часу да часу Гэнрык VІІІ перахіляўся то ў адзін, то ў другі бок, а бывала гэта звычайна тады, калі гэты кароль-Сінябароды надумаваўся ўзяць сабе новую жонку.

Калі ў Ганны Боляйн радзілася дачка-Альжбета, парлямэнт, на жаданьне караля, прызнаў яе права на наступніцтва пасаду, хаця такое-ж права адняў у дачкі Кацярынінае, Марыі. На гэта не згаджаліся рымскія каталікі, і гэтага было даволі, каб іх прасьледаваць; тады пагіб і вядомы англійскі пісьменьнік, Морус, аўтар "Утопіі". Аднак, Ганна Гэнрыку хутка надакучыла. Вось, ён сьведама фальшыва абвінаваціў яе ў вераломстве і загадаў адсячы ей галаву. Зара пасьля гэтага ён жэніцца з прыдворнаю дамаю Ганны — Іоаннаю Сэймур. У апошняе радзіўся гэтак жаданы Гэнрыкам сын; але Іоанна памерла.

Згодна з радаю Тамаша Кромвэля, галоўнага кіраўніка царкоўных справаў, Гэнрык скасаваў манастыры і захапіў вялізарныя іх маéтнасьці. З гэтага фундушу ён шчодра абдарыў сваіх улюбéнцаў, даючы ім вялікія двары ды назначаючы лёрдамі. Для баярства, ведама, гэта было вялікаю прынадаю, каб падтрымліваць "рэформацыю". Вось-жа і ў Англіі пачалі зьніштажаць абразы і рэліквіі, уводзіць навіны ў царкоўнай навуцы і ў абрадах; стаў пашырацца англійскі пераклад бібліі.

Не згаджаўся з гэтым, аднак, вясковы народ. Масавыя разрухі ў паўночнай Англіі кароль, праўда, здушыў, аднак пры гэтым заявіў, што ня хоча ніякае гэрэзіі, і загадаў парлямэнту прыняць 6 артыкулаў, названых "крывавымі“, бо кожны выступ проці іх караўся сьмерцяю. Гэтымі артыкуламі былі: транссубстанцыя, імша, споведзь, комунія ў аднэй пастаці, важнасьць манашства, цэлібат духоўных.