Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ступаў Лютара ён выдаў свой ліст проці рэформацыі, за што дастаў ад папы тытул "абаронцы веры".

Але гэтая прыязьнь з папай трывала нядоўга. Жаніўшыся 20 гадоў назад з Кацярынаю Арагонскаю, сястрою маткі Караля V, ён упадабаў сабе маладую прыдворную даму Ганну Боляйн (Boleyn) і патаёмна з ёю ажаніўся; аднак, ён хацеў, каб яго шлюб быў офіцыяльна прызнаны, бо ад першае жаны меў толькі дачку, а ад другое спадзяваўся мéць наступніка кароны. Вéрным слугою Гэнрыка VІІІ быў арцыбіскуп Йорку, Тамаш Уольсэй (Wolsey), які, будучы ад самага пачатку ягонага панаваньня дагэтуль канцлерам, вельмі добра кіраваў усім гаспадарствам. Вось-жа Уольсэю кароль даручыў дабіцца для яго ў Рыме разводу з Кацярынаю, апіраючыся на тым, што шлюб з ёю, як удавою па браце, быў адразу-ж няважны, хаця тады і быў дазвол папы на гэта. Ня гледзячы на усé стараньні, Уольсэй нічога не дабіўся, бо Клéмэнс VІІ ня мог прызнаць дазволу свайго папярэдніка за няважны. Ашуканы ў надзеях, Гэнрык VІІІ ўвесь свой гнеў выліў на Уольсэя: скінуў яго з канцлерскага становішча і пасадзіў у вастрог, дзе той, прыгнечаны гэтаю каралеўскаю няласкаю, у хуткім часе памёр. Гэнрык-жа пастанавіў ня толькі паставіць на сваім, але і памсьціцца на Рыме.

Крывавыя войны "дзьвюх рожаў" давялі да руіны шмат якія панскія роды. Сьмяротныя кары, бітвы і конфіскацыі маéтнасьцей працярэбілі рады магутнае арыстократыі. Зьбяднела і мяшчанства. Адзіным станам, які за той час узбагацеў яшчэ больш, было вышэйшае духавенства, чаго вельмі зайздросьцілі яму прадстаўнікі іншых станаў. Пасьля крывавых змаганьняў, усé жадалі міру; гэты мір забясьпечавала моцная каралеўская ўлада. Дзеля гэтага, пры Гэнрыках VІІ і VІІІ парлямэнт іграў пасыўную ролю і быў гэтым здаволены. Уольсэй зьбіраў парлямэнт дужа рэдка. Цяпер-жа Гэнрык VІІІ, узяўшы ўладу ў свае ўласныя рукі, пачаў яго склікаць што год і пры яго помачы "уладзіў" царкоўную справу.

Перад усім парлямэнт абвесьціў Гэнрыка VІІІ галавою Царквы ў Англіі і даў яму права разьвязаваць усе царкоўныя справы ў краі, ня зносячыся з Рымам. Навет вышэйшае духавенства ня вельмі ўпіралася проці гэтае рэформы, бо баялася ўтраціць свае маéтнасьці. Далей парлямэнт пастанавіў скасаваць усялякія выплаты Рыму. Пасьля гэтага новы прымас, Тамаш Кранмэр, на жаданьне караля, згодзіўся разглядзець на сваім судзе справу шлюбу караля з Кацярынаю і прызнаў гэны шлюб няважным. Гэнрык-жа публічна абвесьціў свой шлюб з Ганнаю Боляйн. Калі папа ўсёж прызнаў першы шлюб за важны, парлямэнт пастанавіў, што