Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З гэткаю самаю ўпорлівасьцяй выступіў Цьвінглі проці злоўжываньняў у Царквé. Яшчэ перад тым, як дачуўся аб Лютары, ён дайшоў да перакананьня, што біблія ёсць адзіным жаралом хрысьціянскае веры, і адразу-ж, як распачаў сваю прапаведніцкую дзейнасьць у Цюрыху (1519), заявіў, што будзе тлумачыць слова Божае паводле сьв. пісаньня, а не паводле людзкіх мяркаваньняў. Прыгатаваўшы, як трэба, грамадзкую думку, ён у 1522 г. распачаў царкоўную рэформу і, дзякуючы таму, што яму спагадала рада места і народ, рэформу гэтую яму ўдалося правесьці хутка і без перашкодаў. Праз некалькі гадоў царква ў Цюрыху вызвалілася ад біскупаў і папы, скасавана была імша, абразы, чэсьць сьвятых і навет споведзь, якую пакінуў быў яшчэ Лютар; набажэнству быў дадзены выгляд па магчымасьці скромны і народны, манастыры скасаваны, і духоўнікам дазволена жаніцца. Побач з гэтымі рэформамі закладаліся школы, бальніцы, прытулкі для ўбогіх, і заведзена было шмат іншых навін. Усё гэта рабілася пад кіраўніцтвам Цьвінглі, які, як гаварылі аб ім жартам яго супраціўнікі, быў у Цюрыху пробашчам, бурмістрам і пісарам.

Блізка ўва ўсіх швайцарскіх краёх знайшліся прыхільнікі і насьледавальнікі Цьвінглі. У 1528 г. Цьвінглі на трохдзённай дыспуце ў Бэрне перамог супраціўнікаў і адбараніў свае думкі, пасьля чаго за ім пайшоў і гэты магутны швайцарскі кантон; сьледам за Бэрнам пайшлі Базэль, Шафгаўзэн і іншыя, так што перавага рэформацыі ў Швайцарыі была поўная.

2. Лютар і Цьвінглі ў Марбургу (1529). Здавалася-б, што Лютар павінен быў-бы радасна прывітаць швайцарскага рэформатара, як сябру па дзейнасьці. Сталося, аднак, саўсім іначай. Лютар глядзеў на Цьвінглі з зайздрасьцяй і ненавісьцяй. Нядаўна сам гэрэтык, Лютар лічыў ужо Цьвінглі за гэрэтыка-за тое, што той не прызнаваў ўсяé да апошняга слова навукі Лютара. Папраўдзе, была толькі адна значнéйшая розьніца паміж паглядамі гэтых двух рэформатараў. Цьвінглі, як чалавек з шырэйшым і больш сьветлым розумам, хаця і шанаваў павагу сьв. пісаньня, усё-ж тлумачыў некаторыя яго месцы і сымболічныя выражэньні не даслоўна, а пераносна. Лютар-жа, маючы розум шмат вузéйшы, угразшы ў манастырскім догматызьме, прыймаў усё даслоўна. Цьвінглі казаў, што сьв. комунію (прычасьце) трэба ўважаць толькі за ўспамін ахвярнае сьмерці Хрыста. Лютар-жа ўпорна даводзіў, што хлеб і віно ў комуніі зьмяняюцца на праўдзівыя цела і кроў Спаса. Пад той час, як Цьвінглі дужа паважна і дастойна выкладаў у сваіх творах свае перакананьні, Лютар абсыпаў яго градам зьняважаючых лісткоў, называючы