Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

разам з валаданьнямі ў Італіі ён адказаў свайму сыну Піліпу ІІ, рэшту-ж зямель разам з імпэратарскай каронайФердынанду. Сам-жа Кароль V пасяліўся ля манастыра Сьв. Юста ў Гішпаніі і цераз два гады тамака памёр (1558).

Кароль V ў часе свайго панаваньня меў дзьвé галоўныя мэты: аднаўленьне сусьветнае імпэрыі і разьвіцьцё магутнасьці свае дынастыі. Паміж адным і другім імкненьнямі стаяла жаданьне вярнуць адзінасьць Царквы; з гэтае прычыны часта вынікалі конфлікты, але ў учынках Караля V заўсёды пераважалі інтарэсы Габсбургаў. Дзеля таго ён не вярнуў часоў Гогэнштаўфаў і ня здушыў рэформацыі, але затое на даўгі час зьвязаў у адну суцэльнасьць разнародныя землі, з якіх складалася яго спадчына, дый гэтую спадчыну значна павялічыў. Яго творам была тая вялікая гішпанская монархія, якую дастаў па ім Піліп ІІ, наймагутнéйшы з хрысьціянскіх валадароў.

20. Лютар і рэформацыя ў Нямеччыне. Лютар стаўся цэнтральнаю асобаю ў рэформацыі зусім ня дзеля яго надзвычайнага розуму ці надзвычайнае адвагі. Прычыну гістарычнае ролі яго трэба шукаць у другіх рысах яго асобы. Гэтак, ён быў агітатарам больш можа, чым мысьліцелем, або геніяльным рэформатарам. Будучы доктарам і профэсарам тэолёгіі, ён заўсёды аставаўся сялянскім сынам. Будучы сам вучоным, ён усё-ж разумéў патрэбы, пачуцьці і спосабы мышленьня ніжэйшых клясаў, умеў прамаўляць да іх іхняй-жа мовай, як ніхто з сучасьнікаў яго, ды мала хто пасьля яго. Будучы мастаком у полéміцы, меў ён рэдкую здольнасьць захопліваць масы і адначасна будзіць да сябе пашану пануючых клясаў. У пазьнейшыя часы, праўда, стаў ён выслугоўвацца паном ды неўважаць на масы.

Ягоная вучонасьць ня была лішне глыбокаю, а прынамся ня вельмі шырокаю. Вялікіх духоўных шуканьняў гуманістаў ён не разумеў, ды навет іх ганіў; у пэўнай меры ён астаўся назаўсёды манахам, узгадаваным на абмéжанай манастырскай мудрасьці. Быў ён вельмі забабонны; прынамся, што да чорта (такога з рагамі і капытамі!), дык вéрыў у яго істнаваньне гэтак сама цьвёрда, як і ў Бога. Аднэю з важнейшых рысаў у характары Лютара была яго проста нячуваная ўпорлівасьць, якая ў справах рэлігійных робіла яго фанатыкам і абсолютна нетолерантным чалавекам. Ледзьве яны з Мэлянхтонам устанавілі галоўныя пункты новага вызнаньня, як ужо Лютар заядла іх бароніць проці ўсякіх спроб разьвіваць і рэформаваць іх далей. Вялікі гэрэтык рабіўся вялікім інквізытарам, як толькі пачыналася гутарка аб іншым разуменьні рэформы, ці толькі што пры-