Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

разам Кароль V вёў вайну ў самай Францыі; аднак, з прычыны нястачы éжы ён быў прымушаны адступіць назад, бо францускія войскі адыходзячы пустошылі свой уласны край. А Францішк І тымчасам зрабіў адкрыты саюз з султанам і злучыў свой флёт з турэцкім. Барацьба двух супраціўнікаў ішла далей у Італіі, Нідэрляндах і пад Пірэнэямі і закончылася замірэньнем у Ніццы на 10 гадоў; абедзьве староны аставаліся кожная пры сваім, і між імі навет устанавіліся даволі добрыя адносіны.

d) Барацьба з Туркамі. У 1541 г. ў Вэнгрыі пасьля сьмерці Заполія ўзьняліся новыя труднасьці. Уся сярэдняя Венгрыя папала пад турэцкае панаваньне і аставалася пад ім паўтара вéку. У тым самым годзе Каралю V вельмі не пашэнціла ў Альгеры: бура зьніштожыла ўвесь ягоны флёт, з якім ён вырушыў проці турэцкіх корсараў.

e) Апошняя вайна Францішка І з Каралём V (1542—1544). Францішк I ўвесь час вёў перагаворы з нямецкімі лютаранскімі князямі і з Туркамі. Злучаны францускі і турэцкі флëт захапіў Ніццу. Змаганьне йшло ў Нідэрляндах і ў Вэнгрыі, дзе Соліман заня Острыгом і іншыя крэпасьці. А Кароль V, дайшоўшы згоды з часткаю протэстантаў і зрабіўшы ізноў саюз з Гэнрыкам VIII англійскім, адначасна з ім увайшоў у Францыю і пранік да глыбіні Шампані. Вайна закончылася мірам у Крэспі, які быў апошнім у гісторыі барацьбы двух валадароў Захаду. Таксама, як і ў Камбрэ, Кароль V зрокся Бургундыі, а Францішк I -сваіх дамаганьняў Неаполя і Міляна. Апроч таго, абодва дакляравалі адзін аднаму ўзаемную помач у змаганьні з гэрэтыкамі і з раздваеньнем хрысьціянства; у гэтым асаблівыя надзеі ускладаліся на сабор, які ўжо склікаў папа. Францускія паслы адначасна дабіліся ад султана новага замірэньня для Фэрдынанда, які ўсё-ж павінен быў пад відам падарункаў плаціць султану дань з свае часткі Вэнгрыі.

16. Шмалькальдзкая вайна (1546-1548). Войны з Францыяй і Турэччынай гэтак занялі ўвагу Караля V, што ён ня мог і думаць аб энэргічнай дзейнасьці ў унутраных справах Нямеччыны. З протэстантамі ён абхадзіўся вельмі асьцярожна і разважна.

Рэформацыя моцна йшла ўперад. Спаміж выдатнейшых сьвецкіх валадароў астаўся верны каталіцкай веры толькі імпэратарскі брат Фердынанд; навет некаторыя духоўныя валадары прынялі протэстанцтва. Але мір у Крэспі і замірэньне з Турэччынай разьвязалі імпэратару рукі для дзейнасьці ў Нямеччыне. Навет ён лічыў, што царкоўная рэформа патрэбна; толькі ён хацеў, каб гэтаю рэформаю заняўся сабор, якім ён спадзяваўся кіраваць па сваёй волі разам з папаю.