Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На сойме у Шпэйеры, пры адсутнасьці імпэратара, каталіцкія князі, на чале якіх стаяў брат імпэратара Фэрдынанд, ізноў засудзілі Лютара на баніцыю, забараняючы далейшае шырэньне рэформацыі. Але за гэтыя некалькі гадоў зрабіліся ўжо вялікія зьмены. Вызнаўцы і прыхільнікі навукі Лютара з курфюрстам Янам і гэсэнскім ляндграфам на чале выступілі з урачыстым протэстам проці соймавых пастановаў, пры чым не прызнавалі права сойму разьвязаваць рэлігійныя справы большасьцю галасоў. Ад часу гэтага протэсту прадстаўнікоў новага вызнаньня называюць протэстантамі. На чарговым сойме ў Аўгсбургу, які адбываўся ў прысутнасьці імпэратара, протэстанты падалі заяву, зрэдагаваную Мэлянхтонам як мага лагодна і ясна, думаючы гэтак дайсьці ўзаемнае згоды. Заява гэта называецца аўгсбурскай. Але імпэратар саўсім не разумеў магутнасьці протэстанцкага руху: ён бачыў у ім толькі сэкту адшчапенцаў і пагражаў самымі жорсткімі карамі. Тады галоўныя прадстаўнікі протэстанцтва сабраліся ў мястэчку Шмалькальдэн, у Тюрынгіі, і, чакаючы вайны, завязалі зачэпна-адпорны саюз дзеля абороны свае веры. Дзеля таго, аднак, што турэцкая небясьпека рабілася ўсё гразьнейшаю, Кароль V згадзіўся на замірэньне з протэстантамі і абяцаўся, што, пакуль не зьбярэцца сабор, нікога ня будзе прасьледаваць за веру.

15. Войны Караля V. а) У Вэнгрыі. Туркі, умацаваўшыся ў Вэнгрыі, былі немалою пагрозаю для Аўстрыі. Затым-жа Кароль V, атрымаўшы за рэлігійнае замірэньне дазвол імпэрыі на вайну з Туркамі, пасьпяшыўся з войскам у Вэнгрыю. Гэроічная абарона малога замку Кешэн дала імпэратару час сьцягнуць вялікія вайсковыя сілы, і султан быў прымушаны адступіцца. Але імпэратарскія войскі не даганялі Туркаў, бо Кароль сьпяшаўся ў Гішпанію, дзе Туркі ўжо моцна білі Гішпанцаў.

b) У Альгéры і Тунісе. Адважны турэцкі корсар Хайрэдын, пабудаваўшы вялізарны флёт, перахопліваў хрысьціянскія караблі і рабаваў гішпанскія ўзьбярэжжы. Галоўным прыпынкам яго быў Альгéр, але корсары стараліся ўмацавацца і ў іншых выгодных мясцовасьцях на паўночна-афрыканскіх узьбярэжжах. Вось-жа, калі яны такім парадкам захапілі Туніс, Кароль V вырушыў проці іх з вялікім флётам, разьбіў іх на моры, звольніў тысячы нявольнікаў, завёў новую ўладу ў Тунісе і пасадзіў там сталы гішпанскі гарнізон (1535).

c) Трэцяя вайна з Францішкам І. Ледзь Кароль V закончыў афрыканскую справу, а ўжо мусіў весьці двухгадовую вайну з заўзятым сваім ворагам, Францішкам I (1536-1538), які зьнячэўку ўварваўся ў Сабаўдыю. Гэтым