Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жаўнераў, пранікнутых протэстанцкім духам. Наагул, Немцы і Гішпанцы адзначыліся ў Рыме не ляпéй і ня горай, як нéкалісь Вандалы і Готы. Наступленьнем на Рым кіраваў Коннэтабль дэ-Бурбон, француз, васаль і сваяк францускае дынастыі: ён, аднак, быў забіты першымі стрэламі пры здабыцьці места.

У прававерна-каталіцкай Гішпаніі абрабаваньне Апостальскае Сталіцы і адносіны войскаў да намесьніка Хрыста зрабілі гэткае цяжкое ўражаньне, што Кароль V быў прымушаны адпірацца ад таго, што зроблена было па яго загаду. Імпэратарскае наёмнае войска, астаўшыся без энэргічнага ваяводы, здэморалізаванае рабункамі ў Рыме, значна аслабела. Папа патаëмна перабраўся да ворагаў імпэратара, а Францішк І ізноў выслаў у Італію вялікія сілы, якія без перашкоды дайшлі аж да Нэаполю (1528); аднак, з прычыны пашырыўшаеся сярод іх пошасьці яны павінны былі вярнуцца дамоў, нічога не зрабіўшы. Папа Клемэнс VІІ скарыўся перад Каралём V на даволі мягкіх умовах. У хуткім часе імпэратар і Францішк І зрабілі ў Камбрэ г. зв. дамскі мір (уложаны маткаю францускага караля і цёткаю імпэратара, зьехаўшыміся асабіста). Францішк І ізноў зрокся Італіі, а Кароль V — Бургундыі. Нéкалькі гадоў у Італіі панаваў мір пры поўнай перавазе імпэратара.

Пасьля канца вайны Кароль V прыехаў у Італію, дзе яго Клемэнс VІІ урачыста ўкаранаваў. Гэта была апошняя імпэратарская каранацыя ў Італіі.

Каля таго часу Габсбургі значна пашырылі сваё ўладаньне на ўсходзе. У 1526 г., змагаючася з Туркамі, быў забіты ў бітве пад Магачом кароль Вэнгрыі і Чэхіі, Людвік ІІ Ягелён, пасьля чаго абодвы гэтыя краі абабралі за караля Фэрдынанда, брата Караля V. У Чэхіі Фэрдынанда выбралі бяз супярэчак, як мужа Ганны Ягелёнкі; у Вэнгрыі-ж толькі адна партыя галасавала за яго, а большасьць абвесьціла каралём Яна Заполія. Выгнаны з Вэнгрыі, Заполія скіраваўся ў Турэччыну, якая ў той час, пад панаваньнем Солімана Вялікапышнага, дайшла найвялікшае магутнасьці. Паслухаўшы намовы Заполія, Соліман заняў Вэнгрыю, спустошыў спадчынныя аўстрыйскія землі і аблёг Вéну (1529). З прычыны цьвёрдага адпору Соліман быў прымушаны адыйсьці спад Вéны, нічога не дайшоўшы. Але Фэрдынанду дасталася толькі невялікая частка Вэнгрыі: у большай часьці панаваў, як кароль, Ян Заполія, саюзьнік Туркаў. Гэтыя справы на нейкі час адцягнулі ўвагу Караля V ад унутраных спраў у Нямеччыне.

14. Шпэйерскі протэст. Аўгсбурская заява. Шмалькальдэнскі саюз і рэлігійны мір у Нюрнбэргу (1529-1532).