Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пай Юліем ІІ дзеля зьніштажэньня гэтае рэспублікі. Але папа хутка пашкадаваў свайго ўчынку, выйшаў з саюзу і ўсéй сваей далейшай дзейнасьцю стараўся выперці з Італіі "барбараў", як ён называў Французаў. Дзеля гэтае мэты ён прыцягнуў сабé да помачы найлепшых ваякаў таго часу, Швайцарцаў, якіх многа заклікаў у Італію і сформаваў з іх наёмныя войскі. Швайцарцы разьбілі Французаў пад Навараю і выперлі іх з Лёмбардыі. Аднак-жа наступнік Людвіка, малады, прагавіты на рыцарскую славу, Францішк I праз два гады ізноў перайшоў з магутным войскам цераз Альпы. Частку Швайцарцаў, што стаялі ў Лёмбардыі, ён абяцанкамі падбіў кінуць службу, а рэшту, дзякуючы перавазе сваіх сілаў і помачы вэнэцыянцаў, разьбіў у двухдзённай бітве пад Марыньяно (1515). Уладаньне Мілянам, здавалася, было ўжо для Французаў забясьпечана, бо грошы і пачэсныя варункі міру зусім здаволілі Швайцарцаў, якія хутка забыліся аб няўдачы пад Марыньяно і прысталі на мір і саюз з Францыяй.

13. Францішк І і Кароль V. Туркі пад Вéнай. Але Францішк І знайшоў вéльмі небясьпечнага конкурэнта ў асобе Караля V, пры якім імпэрыя яшчэ раз уваскросла ў даўнейшым блеску. Ад часоў Караля Вялікага сьвет ня бачыў гэткага абшырнага і магутнага гаспадарства, як гаспадарства Караля V; гаварылі, што сонца ў гэтым гаспадарстве ніколі не заходзіць, бо, схіляючыся да захаду ў Эўропе, яно ўсходзіла ў Амэрыцы. Але Караля V не здаволівала валаданьне ўсімі гэтымі вялізарнымі абшарамі. Захацеў ён вярнуць нямецка-рымскай імпэратарскай кароне яе даўнейшую, прызабытую славу. Дзеля гэтае мэты ён, насьлядуючы Гогэнштаўфаў, стараўся пашырыць і ўзмацаваць сваё панаваньне ў Італіі. Ен выступіў з дамаганьнем Лёмбардыі, якая ўваходзіла даўней у склад нямецка-рымскае імпэрыі. Францішк І, аднак, не хацеў зрачыся заваяванае зямлі, і з гэтае прычыны закіпела вайна, якая трывала 23 гады з трыма кароткімі перарывамі, сéючы ў Італіі сьмерць і зьніштажэньне.

Францішк І ў бітве пад Павіяй (1525) папаў у палон. Прывезены ў Мадрыт, ён быў прымушаны ня толькі зрачыся Лёмбардыі, але яшчэ і аддаць Каралю V князьства Бургундзкае, якога той дамагаўся, як патомак Караля Адважнага. Аднак, як толькі Францішк І апынуўся на волі, ён ізноў распачаў вайну, знайшоўшы саюзьніка ў асобе папы. Дзеля гэтага нямецкія і гішпанскія войскі Караля V рушылі на Рым, абляглі яго і здабылі штурмам. Папа Клемэнс VІІ схаваўся ў замку Сьв. Анёла; адтуль ён бачыў, як лілася кроў бязьвінных людзей і як чужынцы рабавалі "вечнае места", сам церпючы пры гэтым наруганьні і ад сваіх наёмных