Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

замест лаціны і асаблівае значэньне далі казаньню, як навучаньню народу, і царкоўным сьпевам. Скасавалі манастыры, іх маетнасьці ўжылі дзеля заснаваньня вясковых парахвіяў, школ і дабрачынных установаў; духавенству дазволілі жаніцца. Сам Лютар, скінуўшы манашскую вопратку, ажаніўся з быўшай манашкаю Кацярынаю Бора і жыў прыкладным сямейным жыцьцём. Разам з панаваньнем папы скончылася і ўлада біскупаў: яна перайшла да пануючага галавы гаспадарства.

Навуку сваю рэформатары грунтавалі, ці прынамся ім здавалася, што яны грунтуюць, выключна на Сьв. Пісьмé. Вось-жа зроблены лютарам пераклад Бібліі, папраўдзе дужа добры, стаўся галоўнаю асноваю рэформацыі, пашыраючы новую навуку сярод найшырэйшых масаў грамадзянства. Біблію аб'ясьнялі і практычна дапаўнялі чысьленыя рэлігійныя і пэдагогічныя творы Лютара. Мэлянхтон пісаў навуковыя творы, у якіх бараніў справу рэформацыі.

Царкоўная рэформа не абмежылася Саксоніяй, але пашыралася і прыймалася ўва ўсéй Нямеччыне. Найляпей прыймалася новая вера там, дзе мéла значэньне воля насяленьня, як, прыкл., у вольных мястох; нямала, аднак, і князёў прыймала яе спагадна, хаця тут вялікую роль іграла магчымасьць захапіць царкоўныя маêтнасьці і атрымаць галоўную духоўную ўладу ў гаспадарстве. Найвыдатнейшым спаміж князёў, прыхільных да рэформацыі, быў малады гэсэнскі ляндграф Піліп. Як прыняцьце новае веры злучалася часамі з асабістымі інтарэсамі, паказуе ўчынак вялікага містра ордэру нямецкіх рыцараў у Прусах, Альбрэхта Гогэнцолерна. Ён скасаваў свой ордэр і, выявіўшы пакорнасьць польскаму каралю, захапіў землі ордэру і зрабіў з іх спадчыннае князьства сваёй дынастыі пад найвышняю ўладаю польскае кароны (1525).

12. Французы і Швайцарцы ў Італіі (1494-1515). З прычыны палітычнага раздрабленьня і ўзаемнае нязгоды паміж маленькімі гаспадарствамі, а такжа з прычыны ўнутраных сварак і звадак, Італія з сваёй бязьмерна высокай культурай прадстаўляла ласы кусок для суседніх народаў і гаспадарстваў, ды сталася прычынай нязгоды паміж імі.

Ужо Францускі кароль Кароль VІІІ, сын Людвіка ХІ, захапіў Нэаполь; яго наступнік, Людвік XІІ, быў прымушаны аддаць гэты край каралю гішпанскаму Фердынанду Каталіцкаму, але затое прысабéчыў Мілян, тлумачучы, што праз сваю бабку, з дому Вісконті, ён зьяўляецца праўным насьледнікам гэтага роду. Пышная Вэнэцыя чуць не сталася ахвяраю магутнага саюзу, завязанага ў Камбрэ між імпэратарам Максыміліянам, Людвікам XІІ, гішпанскім Фэрдынандам і па-