Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

толькі той гэтага зажадае. Селянін працаваў пры будове панскага замку, хаця б яго ўласная хата развалівалася; упярод вырабляў панскую зямлю, а тады толькі мог думаць аб працы на сваім загоне. Палову тыдня, калі ня больш, аддаваў ён на „паншчыну". Паводле тагачасных законаў, пасьля сьмерці селяніна спадчына па ім даставалася не яго сям'і, але пану. Звычайна-ж бывала так, што пан адбіраў ад удавы і сірот памéршага падданага толькі адну, найлепшую штуку з скаціны.

Мала што ляпей жылося тым сялянам, якія мелі асабістую волю. Іхняя маéтнасьць была абложана немагчымымі падаткамі і абавязкамі. Усе наложаныя на іх рыцарамі ў часы фэодальныя падаткі яны плацілі і далей, ды навет пры новых парадках падаткі яшчэ пабольшалі. Апрача таго, селянін павінен быў плаціць духавенству "вялікую дзесяціну" ад збожжа і "малую дзесяціну" ад рэшты зямных пладоў і штук жывога інвэнтара. Далей, ён плаціў пануючаму удзельнаму князю ўзрастаўшыя што раз болей падаткі на утрыманьне яго двара і на войны, якія князь вёў. Селянін павінен быў цярпліва глядзець, як зьвярына глуміць яго засéвы, а паляваць ня мог, бо на гэта мелі права толькі паны; калі селянін забіваў алéня, дзіка, ці сарну, дык яго каралі блізка так сама, як за забойства чалавека. У судзе селянін бадай ніколі ня бачыў праўды. Амаль не штадня здаралася, што баяры гвалтам рабілі вольных сялян сваімі падданымі. Войны і рыцарскія звадкі, якія бязупынна пустошылі нямецкія краі, найбольш крывава адбіваліся на згорбленых сялянскіх сьпінах. У нормальныя гады большасьць сялян мела гэтулькі дабра, колькі трэба было, каб толькі не памерці з голаду; у часе войнаў і неўраджаяў выміралі цэлыя сялянскія грамады. Дык нічога дзіўнога, што прадстаўнікі клясы, гэтак страшэнна прыгнечанае, разумелі хрысьціянскую вольнасьць, аб якой казаў Лютар, ня толькі ў рэлігійным значэньні; што яны ў перакладзенай Лютарам на нямецкую мову бібліі шукалі месцаў, якія сулілі зьмену іхняга цяжкога палажэньня.

Ужо і раней у некаторых ваколіцах здараліся сялянскія бунты, называныя "Bundschuh" (саюз чаравікаў) ад сымболічнага чаравіка; бо селянін хадзіў у чаравіках, а рыцар у ботах. Цяпер "Bundschuh" пашырыўся усюдых. У канцы 1524 г. узгарэлася адкрытае паўстаньне ў Шварцвальдзе і каля Бодэнскага возера. Правадыры руху вылажылі мэты паўстаньня ў 12 артыкулах, у якіх былі зьмешчаны дамаганьні вольнае пропаведзі эвангельля і вольнага выбару духаўнікоў, скасаваньня прыгону, законаў аб спадчыне і "Малое дзесяціны", зьменшаньня падаткаў і абмежаваньня паншчыны, вольнага паляваньня, рыбалоўства і карыстаньня з лясоў. Як маланка пашырыліся "артыкулы" па нямецкіх