Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на пытаньне: ці адракаецца ён ад гэрэзіі, якую выявіў словам і пісаньнем, ці не? Адказ Лютара быў нязвычайна сьмéлы і канчаўся славамі: "Не хачу і не магу ад нічога адрачыся. Інакш не магу, стаю на гэтым, і няхай мне Бог дапамагае".

Уражэньне ад прамовы Лютара было разнароднае. Фрыдрык Разумны і гэсэнскі ляндграф Піліп былі захоплены яго адвагаю; Кароль жа сказаў, што гэты чалавек не патрапіў-бы зрабіць з яго гэрэтыка. Аднак, абяцаньне сваё не пасягаць на свабоду Лютара імпэратар споўніў, хаця шмат хто быў проці гэтага. Толькі пасьля выезду Лютара быў выданы эдыкт, які абвяшчаў яго гэрэтыкам і загадаваў лавіць яго, каб аддаць у рукі суда; тое самае датычылася і прыхільнікаў навукі Лютара; апроч таго было забаронена друкаваць кніжкі без царкоўнае цэнзуры. Але Лютар ужо быў у бясьпечнасьці. У дарозе, як ён вяртаўся з Вормсу, яго схапілі пераапранутыя і замаскаваныя коньнікі і завезьлі ў самотны замак Вартбург. Зроблена гэта было па загаду саксонскага курфюрста, які хацеў абараніць Лютара, ды баяўся адкрыта выступіць проці імпэратара.

У адзіноцтве, у старасьвецкім замку, пабудаваным на пакрытай лесам гары, распачаў Лютар вялікую справу-пераклад Бібліі на нямецкую мову. Ніхто ня ведаў, дзе знаходзіцца Лютар; думалі-б, што ён памёр, калі-б не агністыя яго лісты, якія час ад часу абягалі сьвет, пашыраючы ўсюдых пажар царкоўнага бунту.

8. Зьніштажэньне абразоў у Вітэнбэргу (1522). Рух, распачаты Лютарам, у часе яго укрываньня пайшоў шмат далей, чым таго хацеў і спадзяваўся галава нямецкае рэформацыі. Гэтак, прыкл., у Вітэнбэргу прыхільнікі новае навукі, на чале якіх стаяў проф. Карльштадт, чалавек дужа гарачы, бурылі цэрквы, выганялі духаўнікоў, адпраўляўшых набажэнства, і зьніштажалі сьвятыя абразы, алтары і конфэсіяналы.

У той самы час зьявіліся дзіўныя лятуценьнікі, ткачы з горнага мястэчка Цьвікаў, якія хваліліся, быццам чулі голас Божы і быццам голас гэты кажа пазабіваць усіх духаўнікоў і бязбожнікаў. Між іншым, яны адкідалі хрышчэньне дзяцей, прапаведуючы хрышчэньне дарослых (як дарослага Хрыста хрысьціў сьв. Ян). За гэта іх называлі анабаптыстамі. Гэтыя сэктанты лічылі, што яны выбраны Богам, каб стварыць Царства Божае на зямлі, каб ня было больш бедных і багатых, духаўнікоў, валадароў, вучоных і навет школаў, бо сам дух прасьвячае веручых. Гарачнасьць Карльштадта і недарэчнасьці цьвікаўскіх сэктантаў, якія ўжо пачалі зачыняць школы, будзілі сумляваньне навет у найбольшых прыхільнікаў Лютара. Даведаўшыся аб усім гэтым, Лютар, ня