Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мыліўся. Лютар не адрокся, а толькі ўцёк у Вітэнбэрг, дзе пачуваў сябе бесьпячней. Легат патрэбаваў, каб яму выдалі непакорнага манаха. Цьвёрдая адмова саксонскага курфюрста прымусіла апостальскую сталіцу пайсьці на ўступкі: ад Лютара патрэбавалі толькі маўчаньня, што ён і абяцаўся, — аднак, з тэй умовай, што змоўкнуць таксама і ягоныя праціўнікі.

Вось-жа, калі доктар Эк, адзін з найвялікшых вучоных тэолёгічна-схолястычнага тыпу і найвыдатнейшы дыалектык свайго часу, напаў на яго навуку, стаўляючы свае тэзісы, Лютар гэты вызаў прыняў і абязаўся пайсьці на дыспуту, як гэта было ў звычаі паміж тагачаснымі вучонымі. Дыскусія адбылася ў Лейпцыгу ў прысутнасьці вялікага ліку слухачоў. Доктар Эк даводзіў, што папства ўстанавіў сам Хрыстус; Лютар-жа казаў, што яно паўстала шмат пазьней. На такі адказ Лютара д-р Эк прыпомніў, што за гэтакую навуку Гуса прысудзілі на сьмерць. Лютар адказаў, што Гус навучаў шмат чаго зусім слушнага, і што праўда Сьв. Пісаньня стаіць вышэй за пастановы папаў і сабораў.

Такой заявай Лютар ужо адкрыта ўдарыў Царкву, бо калі ўжо ня папы, дык прынамся саборы лічыліся непамыльнымі. Тэмпэрамэнт Лютара завёў яго далей, чым ён уперад маніўся йсьці; а д-р Эк дайшоў мэты сваёй дыспуты.

5. Спаленьне папскае бульлі (1520). Узрадаваны гэткаю ўдачаю д-р Эк паехаў у Рым і дабіўся праклёну для „новага гусыта". Тады Лютар, спадзяючыся на пратэкцыю курфюрста і здабытую ўжо шырокую популярнасьць у народзе, выступіў зусім адкрыта жывым словам і пісаньнем проці ўсіх грахоў царквы. Добра яму дапамагаў Ульрык фон-Гутэн (гл. вышэй), разсылаючы па ўсёй Нямеччыне лятучыя лісты, якія абкідалі балотам папства і заклікалі нямéцкі народ да паўстаньня проці Царквы. Прыяцель Гутэна, магутны рыцар Зікінген, і іншыя баяры (шляхта) прапанавалі вітэнбэрскаму манаху абарону ў сваіх замках. Лютар-жа разаслаў па сьвеце лятучы ліст пад назовам "Ліст да нямецкае шляхты", ў якім заклікаў князёў, баяраў і месты да барацьбы з "антыхрыстам", як ён называу папу за праціўленьне грунтоўным рэформам ў царкве. Саксонскі Курфюрст усё яшчэ апекаваўся мілым сэрцу яго збунтаваным манахам. Гэтая апéка ўрэшце памагла Лютару наважыцца спаліць бульлю, у якой напісаны быў на яго праклён папы; зробіў ён гэта публічна, у прысутнасьці многіх профэсароў і студэнтаў.

6. Кароль V. Імпэратар Максыміліян памёр у 1519 г. Пасьля колькігадовае ажыўлёнае выбарнае кампаніі, калі ўжо здавалася, што імпэратарам будзе падтрымліваны папай