Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У хуткім часе 95 тэзісаў, перапісаныя і надрукаваныя, абляцелі ўсю Нямéччыну, будзячы ўсюды зацікаўленьне аўторам і паднятай ім справай.

4. Марцін Лютар (1483-1546). Марцін Лютар радзіўся ў мястэчку Эйслебен і быў сынам селяніна, які працаваў у капальні. Бацька, хоць і быў бéдны, пасылаў яго да школы ў Эйзэнаху і Магдэбургу; вучыўся там ён ледзь жывы ад голаду. Крыху пазьней матэрыяльнае палажэньне бацькі палепшала, і Лютар змог паступіць студэнтам у вышэйшую школу у Эрфурце. Але неспадзяваная сьмерць прыяцеля і ўдар пяруна, які ледзь-ледзь не пазбавіў яго жыцьця, падбілі лютара зрабіцца манахам, і ён паступіў у аўгустыньянскі манастыр у Эрфурце, Тамака яму давялося перажыць цяжкое духоўнае змаганьне. Цяжкія пакутныя практыкаваньні, якія ён адбываў, не здаволівалі яго; ён пачуваў сябе засуджаным праз Бога грэшнікам, ажно пакуль не знайшоў сабе пацехі ў бібліі. Пад уплывам чытаньня бібліі ў яго стварылася перакананьне, што толькі вера можа збавіць, а пасты, пакута ды іншыя добрыя ўчынкі ня маюць ніякага значэньня. Назначаны профэсарам філёзофіі і тэолёгіі ў Вітэнбэргу (1508 г.), ён у сваіх лекцыях і казаньнях даводзіў, што чалавек нічога сам ня можа зрабіць для свайго збаўленьня, што только вера можа збавіць чалавека.

Дык выступленьне Лютара проці адпустаў было натуральным вынікам яго паглядаў.

У Вітэнбэргу Лютар быў асобаю вельмі ўплывоваю і популярнаю. Да яго прыхільна адносіўся курфюрст Саксонскі; сярод профэсароў займаў ён найважнейшае становішча, яго казаньні прыцягавалі масы слухачоў. Як сын свайго народу, умеў Лютар прамаўляць да яго моцна, ясна і вобразна. Умéу ён нягорш і пісаць.

Выступаючы проці адпустаў, Лютар зусім ня думаў аб далёка йдучых рэформах у Царкве. У той час, як дамінікане ўжо вінавацілі яго ў гэрэзіі, а пад'юджаны імі папа грозна клікаў яго ў Рым, Лютар стаяў яшчэ на прававерным становішчы. Але не сьпяшаўся ён выбірацца ў дарогу да "вечнага места", бо было ведама, што маглі значыць такія запросіны Апостальскае Сталіцы: сьмерць на агні, або ў найлепшым прыпадку дажывотняя вязьніца ў скляпох якога-небудзь манастыра чакалі манаха, западозранага ў гэрэзіі. Дзякуючы заступніцтву саксонскага курфюрста Фрыдрыка Разумнага, царкоўная ўлада дазволіла Лютару вытлумачыцца на месцы перад кардыналам Каетанам, легатам папскае сталіцы, які жыў у Аўгсбургу. Гэтаму італьянцу здавалася, што ён лёгка дасьць раду з "бзікаватым манахам" сваім грозным выглядам і рэзкім прыказам: адракайся". Але ён па-