Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ПЕ́РШЫ ПЕРЫАД.

====

РЭФОРМАЦЫЯ І РЭЛІГІЙНЫЯ ВОЙНЫ.

§4. Рэформацыя у Няме́ччыне.

1. Рэйхлін і кельнскія профэсары (1510—1520). Сумны стан Царквы знаходзіўся ў рэзкім контрасьце з характэрным для ўсяе эпохі юнацкім імкненьнем да дзела. Але, ня гледзячы на свой унутраны расклад, Царква ўсё-ж мела яшчэ сілы, каб задушыць бунтарскі дух новых часоў, які выступіў на змаганьне з старым ладам. Так, прыкладам, профэсары Кельнскага Унівэрсітэту, у большасьці дамінікане, дайшлі да дзікае думкі, што трэба спаліць усе гэбрайскія кнігі, як гэрэтыцкія, за выняткам толькі бібліі ў гэтай мове. Калі вялікі прыхільнік гэбрайшчыны, гуманіст Рэйхлін (гл. § 3) ад імя навукі горача запротэставаў проці такога барбарства, дамінікане абвесьцілі яго гэрэтыкам і спалілі ўсе яго творы. Рэйхлін падаў у суд на дамініканаў, але справу прайграў; папа прысудзіў яго да вечнага маўчаньня (г. зн. спыне́ньня літэратурнае дзейнасьці) і аплаты судовых коштаў. Інтэлігенцыя ўсіх краёў стала на абарону Рэйхліна і выступіла проці кéльнскіх інквізытараў. Гурток гуманістаў у гэтым самым месьце, якім кіраваў Ульрых фон-Гутэн, рыцар і вялікі прыхільнік гуманізму і волі, літэратар і полеміст, крыху мо’ задзіра, апублікаваў уложаныя ім «Лісты цёмных людзей» (Epіstolae obscurorum vіrorum). Лісты гэтыя дужа спрытна наслядуюць барбарскую лаціну, выяўляюць някультурнасьць манахаў, высьмейваюць іхнюю бязьмéжную дурноту. Аж закіпе́ла ў царкоўнай партыі! Але яшчэ не пасьпелі супакоіцца думкі ад гэтае спрэчкі, як пачалася новая спрэчка, шмат важнейшая, вынікі якое ўскалыхнулі ўвесь сьвет.

2. Юлі II і Лявон X. Найбліжэйшыя наступнікі папы Аляксандра VІ былі людзі з выдатнымі здольнасьцямі, якія, праўда, можа больш адпавядалі-б сьвецкім манархам, чым духоўным правадыром вялікае царквы. Разумны і магутны Юлі II то заклікае ў Рым Міке́ль-Анджэлё і Рафаэля, каб прыхарошыць «вечнае места» пышнымі будоўлямі і творамі мастацтва, то сам ідзе на вайну, аблягае і бурыць месты. Гэты папа браў учасьце ўва ўсіх эўрапэйскіх звадках. Яго наступнік Лявон X (1513—1521), сын Лаўрэна Мэдычы, так-