Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

плянэты сярод іншых нябесных цéлаў. Адкрыцьці Копэрніка ня толькі стварылі навуковую астраномію, але грунтоўна зьмянілі самае паняцьце аб сьвеце і аб адносінах да яго чалавека.

Сыстэму Копэрніка разьвілі далей Немец Кеплер (1571-1630), які выкрыў законы руху плянэтаў, і Італьянец Галілей (1564-1642). Апошні сваімі сьмелымі дасьледамі паклаў аснову навачаснае фізыкі, а карыстаючы з тэлескопу, які быў у гэтым часе зроблены ў Голяндыі і ім самім палепшаны, адкрыў сьвет зораў.

Ня толькі каталіцкая царква, але і протэстанцкая абвесьцілі навуку Копэрніка за гэрэзію. Стары Галілей папаў пад суд інквізыцыі, і толькі адрачэньне ад свае навукі, якое вырвалі ў яго мукамі, выратавала яго жыцьцё (1633).

Затое заслугаю каталіцкае царквы было папраўленьне Юліянскага календара на аснове астранамічных дасьледаў. У часы Юлія Цэзара вучоныя абмыліліся ў сваіх аблічэньнях на 11 мінут у год; праз гэта ў 1582 годзе календарны час адставаў ад праўдзівага ўжо на 10 дзён. Вось, папа Грыгор ХІІІ загадаў, каб пасьля 4 кастрычніка лічылі другі дзень 15 кастрычніка і каб у будучыне праз кожныя 400 гадоў тры пераступныя гады лічыліся за звычайныя. Каталікі прынялі новы календар адразу, протэстанты-ж, праз непрыязьнь да Рыму, у Нямéччыне і Швайцарыі толькі ў 1700 г., а ў Англіі і іншых краёх-яшчэ пазьней. Усходнія Славяне і Грэкі і дагэтуль яшчэ трымаюцца Юліянскага календара.