Старонка:Сусьветная гісторыя 2.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вяла на пасад швабскага князя Піліпа, брата нябожчыка Гэнрыка VІ. Піліпа паддзяржала вялікшасьць князёў паўднявое і цэнтральнае Нямеччыны, а такжа францускі кароль Піліп ІІ Аўгуст, каторы пад той час вёў вайну з Англіяй.

Інноцэнты ІІІ стаў на старанé Отта, прызнаў яго за законнага караля, а на яго праціўніка кінуў праклён. За гэта Отто ІV споўніў усé дамаганьні папы, назваўся каралём з "папскае ласкі" прызнаў імпэратарскую карону ленам папаў. У хатняй-жа вайнé Отту ня шчасьціла: ён праіграваў сваю справу, яго спагаднікі пакідалі яго, пад той час, як Піліп сваёй шчодрасьцяй здабываў сабе ўсё больш прыяцеляў. Урэшце, ад Отта адступіліся навет дольна-рэйнскія князі. Калі-ж яго пакінуў і Кéльн, галоўная апора ўлады Вэльфаў, Інноцэнты ІІІ, згодна з новым палажэньнем, зьняў праклён з Піліпа і ўжо выяўляў ахвоту прызнаць яго каралём, — ды як раз у гэтую часіну Піліпа забіў у Бамбэргу, дзеля асабістых прычын, Отто з Віттэльсбаху (1208). Палажэньне зразу зьмянілася. Каб спыніць хатнюю вайну, князі аднагалосна прызналі каралём Отта ІV, які ажаніўся з дачкой Піліпа, Бэатрычай, дастаўшы за ёй багатае вена: часьць зямель Гогэнштаўфаў. Пасьля Отто ІV пайшоў у Італію і з рук папы дастаў імпэратарскую карону. Неўзабаве імпэратар зьмяніў сваю палітыку адносна да папы: зрокшыся старых умоваў з папай, пераважна патайных, ён пачаў даходзіць сваіх правоў, як імпэратара, на сярэднюю Італію, заняў аружнай сілай паўднявую Італію і маніўся прымусіць маладога Фрыдрыха адрачыся ад нямецкае кароны. Тады папа яго выкляў і падвучыў нямецкіх князёў прызнаць важнымі старыя выбары за караля гадунца папы Фрыдрыха Гогэнштаўфа. Фрыдрых-жа, абяцаўшы папе, што пасьля каранацыі на імпэратара адрачэцца Сыцыліі на карысьць аднагодняга сына свайго і прызнае права леннага верхавенства папы ў паўднявой Італіі, паплыў морам у Геную, а адтуль пераз Альпы перабраўся ў Нямéччыну. Адважнага маладзёна вельмі горача сустрэла як партыя Гогэнштаўфаў, так і папская. Шчодрым дораньнем ён здалеу борзда прыдбаць сабé многа прыхільнікаў, і вось яго ізноў у Франкфурце абіраюць за караля і карануюць у Могунцыі (1212). Імпэратар Отто шукаў ратунку для сябé, аднаўляючы саюз з ангéльскім каралём Янам Безьзямельнікам. Аднак, апошняму ў той час не пашчасьціла ў вайнé з французамі, якія зусім пабілі злучаныя ангéльскія і імпэратарскія войскі пры Бувін, у Фляндрыі (1214), і Отто, утраціўшы ўсіх сваіх прыхільнікаў, зрокся далейшае барацьбы. Скора ён памёр у спадчынным Браўшвэйгу (1218). Фрыдрых ІІ панова ўкаранаваўся ў Аквізгране (1215), а на другі год пасьля гэтага зышоў з сьвéту яга апякун, папа Інноцэнты ІІІ.