Старонка:Сусьветная гісторыя 2.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Народу"; гэты тытул нямецкія манархі насілі многа сот год (ажно да 1806 г.). Гэткім парадкам быццам аднавілася манархія Караля Вялікага, і хоць Францыя і Бургундыя сюды не ўваходзілі, імпэратары лічылі сябе галовамі ўсяго хрысьціянства. Запраўды-ж іх улада дзяржалася на фэодальным ладзе і выражалася ў акце пакорнасьці і леннай прысязе, якую давалі ім князі. Усé наступнікі Отта хадзілі з войскам у Італію, каб каранавацца ў Рыме на імпэратара. Ад гэтага шмат цярпела іх павага і ўлада ў Нямеччыне, бо з іх нябыцьця карысталі князі і часта рабілі паўстаньні. А Італіяй імпэратары валадалі патольку, пакольку мелі магчымасьць дзяржаць тамака многа войска. Усё гэта вельмі аслабляла іх уладу, і, ганяючыся за блескам імпэратарскага тытулу, яны не зацемлявалі, што ў Нямеччыне князі і духавенства ўсё болей і болей забіралі гаспадарственую ўладу ў свае рукі.

Калі Отто В. памёр, на каралеўскі пасад былі выбіраны адзін за адным — яго сын, Отто ІІ, і ўнук, Отто ІІІ. Абодва, пасьля каранацыі на нямецкага караля, адбывалі падарожу ў Рым дзеля прынятку імпэратарскае кароны. Отто ІІІ меў плян арганізаваць імпэрыю на старавéчны спосаб. На папескі пасад ён узьвёў свайго вучыцеля, францускага манаха Гэрбэрта, каторага сучасьнікі лічылі найвялікшым вучоным таго часу. Гэрбэрт, прыняўшы, як папа, імя Сыльвэстры ІІ, меў вялізарны ўплыў на імпэратара. Карыстаючыся да часу імпэратарскай апекай дзеля правядзеньня рэформы ў царкоўных (касьцéльных) адносінах, ён маніўся пасьля зусім вызваліць папества ад імпэратарскае ўлады. Імпэратар Отто ІІІ называў сябé „бацькам Рымлян“, а Нямеччыну лічыў рымскай провінцыяй. Яго двор прыпамінаў сабой двары старавечных імпэратараў, а ўраднікі яго мелі тытулы консуляў, сэнатараў. Отто ІІІ памёр маладых гадох, а сьледам за ім зышоў з сьвету і папа Сыльвэстра ІV; гэтак, сьмерць не дала абодвум давясьці іх пляны да канца.

Отто ІІІ дзяцей ня мéў, і князі выбралі на яго месца каралём стрэчнага брата яго, баварскага князя Гэнрыка ІІ. На ім закончылася саксонская дынастыя, і карона бязмална на цэлае сталéцьце перайшла ў рукі франконска-саліцкае дынастыі (ад 1024 г.). Новы імпэратар Канад ІІ і наступнік яго Гэнрык ІІІ (1039—1056) высака паднялі павагу імпэратарскае ўлады. Па сьмерці папы Сыльвэстры ІІ рымскае баярства ізноў пачало ўзвадзіць сваіх кандыдатаў на папескі пасад, а як між рознымі баярскімі партыямі ня было згоды і йшла калатня, дык здарылася, што тры партыі абабралі зразу трох папаў. Тады Гэнрык ІІІ прыбыў у Італію і на саборы ў Сутры (1046) ськінуў ўсіх трох папаў, ды ўзьвёў на папества нямéцкага біскупа. Разам з гэтым ён дабіўся ад