Старонка:Сусьветная гісторыя 2.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рымскага насяленьня абяцаньне, што яно ня будзе выбіраць папаў не згаварыўшыся перш з імпэратарам. Такім парадкам імпэратар меў забясьпечаную руку ў царкоўных справах. Аднак, гэтак было толькі датуль, пакуль жыў Гэнрык ІІІ; a сын і наступнік яго, Гэнрык, ня меў ужо магчымасьці карыстацца гэтым уплывам на царкву, як бязьлетні, дый распачатая сярод духавенства царкоўная рэформа вельмі падняла ўтрачаную раней павагу папества.

3. Царкоўная рэформа і барацьба за інвэстытуру. Між манаскім духавенствам у Францыі ўжо даўно прыгатаўляўся грунт для царкоўнае рэформы. У манастыры ў Клюні (у Бургундзкім князьстве, ля р. Саоны) быў вернены ўжо пр быты бэнэдыктынскі ўстаў, ды гэты манастыр стаў на чале многіх другіх манастыроў, заклаўшы гэтак конгрэгацыю, кіраўніком каторае быў клюнійскі апат. Клюнійская конгрэгацыя мела вялікую вагу і ў сьвецкім жыцьці. Дзякуючы ёй, у Францыі шмат памéншала хатніх войнаў, якія былі страшэнным цяжарам для працоўнага народу, зусім руйнуючы яго. Быў устаноўлены т.-зв. мір Божы: пад страхам царкоўнае кары забаранялася ваяваць у вялікім і калядным пасьце, а ў рэшце году - ад кожнае серады ўвечары да панядзелку раніцай. З Францыі гэта забарона памалу праходзіла і да другіх краёў, ня гледзячы на нездаволеньне рыцарства. Пасьля клюнійскія манахі выступілі проці сымоніі, значыць продажы за грошы царкоўных становішч, а такжа проці жаньбы ксяндзоў. Яны стараліся асьветаю і паслухмянасьцю адрадзіць духавенства і вызваліць яго ад сьвецкае ўлады. Найвыдатнейшым між клюнійскімі манахамі быў Гільдебранд, сын тосканскага селяніна. Клюнійскі апат паслаў яго ў Рым, і ён тамака стаўся райцам некалькіх папаў ды аказаваў вялізарны ўплыў на царкоўныя справы. Дзякуючы яго стараньням быў выдадзены дэкрэт аб выбары папаў, паводле каторага надалей права выбару належыла толькі біскупам Царкоўнага гаспадарства і пробашчам места Рыму, якіх называлі галоўнымі або кардыналамі. Гэты дэкрэт пазбавіў імпэратара ўсялякага ўплыву на выбар папы і вызваліў папескую ўладу ад сьвецкае. Калі Гільдебранд сам быў абабраны за папу пад імем Грыгора VІІ (1073—1085), ён натужыў усé свае сілы дзеля таго, каб давясьці да канца свой плян аб запраўднай і нічым не абмежанай уладзе папаў над Царквою. З гэтаю мэтаю ён забараніў сымонію, завёў цэлібат (бязжонства) для ксяндзоў, ськідаў непаслухмяных біскупаў і праводзіў усюды думку, шшто папа, абабраны паводле царкоўных законаў, ёсьць галава для ўсіх людзей у царкоўных справах, ды што ў гэтым яго павінны слухаць усé сьвецкія валадары. Урэшце,