Старонка:Сусьветная гісторыя 2.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Норманы даведаваліся такжа і да паўночных краëў, занялі Ісьляндыю і паўночныя астравы, пачалі асядаць у Грэнляндыі, ды першыя дайшлі да Амэрыкі (ў ваколіцах, дзé цяпер Нью-Іорк), якую назвалі Вінляндыяй.

У ІX сталецьці ўтварыліся тры норманскія каралеўствы: Норвэгія, Данія і Швэдзія. Туды патроху пачало праходзіць хрысьціянства, якое добра ўмацавалася тамака пасьля тысячнага году. Найдаўжэй старыя звычаі і старая паганская вера захаваліся ў Ісьляндыі, дзе яшчэ доўга народ пакланяўся богу Одыну і хаваў у памяці аповесьці аб багох, або сагі, сьпісаныя ў пазьнейшых часох у так-званых Эддах.

Норманы нападалі таксама і на Ўсходнюю Эўропу, на славянскія землі іх празвалі Варагамі. Як на Захадзе, так і на Ўсходзе Норманы борзда пераймалі новую мову, звычаі і вéру, шмат памагалі разьвіцьцю народаў, між каторымі сяліліся, заклалі многа новых гаспадарстваў і выклікалі новы вялікі рух упярод у жыцьці грамадзянстваў Эўропы.

2. Норманы ў Англіі. Закладзеныя ў Брытаніі Англамі і Саксонамі сéм гаспадарстваў злучыў у вадно кароль Эгбэрт (827). Новае гаспадарства называлася Англія. Аднак, пачуцьцё нацыянальнае адзінасьці вытварылася ў насяленьня Англіі ня зразу: яно нарадзілася ў часе даўгое і цяжкое барацьбы з Норманамі, якія што-году нападалі на Англію з Даніі. Найвялікшая небясьпечнасьць з іх боку пагражала Англіі ў часы караля Альфрэда Вялікага (871-901).

Кароль Альфрэд быў добры ваяка; ён ня раз разьбіваў у бітвах норманскія войскі, ды аканчальна ня мог даць ім рады: з Даніі прыбывалі ўсё новыя і новыя варожыя дружыны. Урэшце Норманы заваявалі ўсéньку Англію, і кароль Альфрэд быў прымушаны ўцячы на самы край свае зямлі. Але і стуль ён прызываў народ да барацьбы з наéздчыкамі, зьбіраў сілы Англа-Саксонаў і ў канцы-ткі перамог Норманаў. Тыя пачалі прасіць замірэньня. Ваявода норманскіх войск Гудрун ахрысьціўся і дастаў паўночнаўсходнюю часьціну Англіі на собскасьць[1]. З таго часу ізноў настаў у Англіі супакой, і кароль Альфрэд знамяніта выкарыстаў яго дзеля дабра свайго народу. Ён павялічыў флёт, пабудаваў многа крэпасьцяй, вучыў сваіх Саксонаў добра уладаць аружжам, ставіў цэрквы і закладаў манастыры. Асабліва рупіўся аб добрых судох. Альфрэд, як і Кароль Вялікі, вялікую ўвагу зварочаваў на асьвéту і моральнае ўзгадаваньне народу. Дзеля гэтага ён прызываў у свой двор найбольш выдатных людзей, сам перакладаў з лацінскае мовы навуковыя творы і закладаў школы (Оксфорд).

  1. уласнасьць