Старонка:Сусьветная гісторыя 2.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

c) Наступнікі Рудольфа І. Пасьля сьмерці Рудольфа І курфюрсты узьвялі на пасад Адольфа графа Нассаўскага, спадзяючыся падчыніць яго сабé, ды гэтак абмінулі сына памершага караля, Альбрэхта Габсбурга, бо баяліся ўзрастаўшае сілы Габсбургаў. Аднак, курфюрсты абмыліліся. Новы кароль выявіў нязвычайную энэргію у вядзеньні гаспадарственых спраў і рупатліва пачаў працаваць дзеля павялічэньня магутнасьці свайго роду. Тады князі, ламаючы ўсялякія законы, ськінулі Адольфа з пасаду і аддалі карону абойдзенаму раней Альбрэхту. Альбрэхт І (1298—1308) ўдачна змагаўся як з дамаганьнямі князёў, так і папства. Гэтак, калі папа Баніфацы VІІІ не схацеў прызнаць выбару яго, Альбрэхт І зрабіў супроць яго змову з францускім каралём Піліпам ІV Харошым; усё-ж пасьля дайшоў-такі згоды і з папаю. Наагул, вёў ён вельмі заблытаную палітыку, маючы на мэце карысьць дынастыі, мяшаючыся ў справы Чэхіі і Угрыі. У Чэхіі з сьмерцяй Вацлава ІІІ (1306) вымерла дынастыя Пржэмысьлідаў у мужчынскай лініі, дык Альбрэхт І абвесьціў гэты край вольным ленам і аддаў сыну Рудольфу. Аднак, Чэхі ня прызналі Рудольфа. Альбрэхт І ўжо быў рыхтаваўся да паходу проці Чэхаў, ды ў гэтую часіну яго забіў пляменьнік ягоны, які мсьціўся за тое, што Альбрэхт І быццам пакрыўдзіў яго пры дзяльні спадчыны. Сьмерць гэта была страшэнным вытнем для роду Габсбургаў. Гэтак, карыстаючыся часіною, Швайцарцы абвесьцілі свой гаспадарствены саюз незалежным.

d) Пачатак швайцарскага саюзу. У адлюднай альпійскай краіне разьвіўся вельмі дзéяльны, з патрыярхальнымі звычаямі, глыбака пранікнуты духам незалежнасьці, сялянскі народ, які займаўся сéльскай гаспадаркай, гадоўляю жывёлы і паляваньнем. Так-званыя "лясныя кантоны" Уры, Швіц і Унтэрвальдэн былі яго галоўнымі вако ліцамі; ад назову аднаго з іх пайшоў і агульны назоў усяго краю Швайцарыя. Швайцарцы мéлі сваё собскае ўпраўленьне пад верхавенствам імпэратараў. Габсбургі, як графы Арговіі і Цюрыху, мелі спадчыннае права назначаць войтаў і судзьдзяў (Vogt, Rіchter) у Уры, Швіцу і Унтэрвальдэне. Але Швайцарцы дасталі ад імпэратара Фрыдрыха ІІ поўную незалежнасьць ад князёў. Габсбургі ня прызналі гэтае прывілéі, і ў часе гаспадараньня Рудольфа І быў вернены стары лад. Пасьля сьмерці Рудольфа І "лясныя кантоны“ зрабілі змову - так-званую „векавечную ўгоду" (1291) дзеля абароны сваіх свабод ад усялякіх чужых судзьдзяў, і Адольф Нассаўскі пацьвярдзіў іх прывілéю. Але Альбрэхт І, як Рудольф І, стараўся захаваць у гэтым краю сваю фэодальную ўладу. Пасьля яго сьмерці, Швайцарцы дасталі ад новага імпэратара, Гэнрыка VІІ, новае пацьвярджэньне прывілéі Адольфа.