Перайсці да зместу

Старонка:Суд (1925, Менск).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зьява І-ая.

Уваходзіць стораж, трымаючы венік у руках.

СТОРАЖ (зьдзіўлена).

Ах, каб на вас чума, столькі сьмецьця за адзін вечар нарабілі, адных коркаў ды акуркаў повен кут назьмятаў. Ну і людзі, апундырыліся гарэлкай, (мятучы), смакталі гэту няшчасьніцу да таго, што і памяць страцілі. Пісар да таго дапіўся, што мяне, старога чалавека, за бабу палічыў і цалаваць пачаў, абзываючы нейкай Забэлькай, во каб яго сьвіньні цалавалі, намысьліўся; а старшыня і ваўком выў, і сабакам брахаў, і плаваў па падлозе, адзін фэльчар маладзец, той калі пачуў, што ногі адняліся, падазваў мяне і папрасіў, каб занёс у пуню на салому, а мне што кажуць — слухаю, ужчжабурыў, як ягнё, на плечы і завалок па адрасу. І як у іх галовы на карках трымаюцца: сягоньня суд, а яны, як мухаморы, п’яныя. Пісар ад гарэлкі азыск, галава, як церліца, вочы акуртаціліся, а рукі, як машына, маланкаю паперы скрыгаюць — шась, шась! я з венікам так ня спраўлюся.

Зьява ІІ-ая.
Уваходзіць Гарбуз.
ГАРБУЗ.

Добрага дня.

СТОРАЖ (спужаўшыся).

А ліханька тваім кастылём, спужаў мяне, хто ты і адкуль ты?

ГАРБУЗ.

Я — Дзяніс Гарбуз, з Негнавіч.

СТОРАЖ.

На якое ліха тут?

ГАРБУЗ.

А хіба-ж запомнілі? паперай клікалі на суд.