Канцылярыя воласьці, пасярэдзіне і па бакох — дзьверы, справа ад публікі — акно, пры акне — лава. На сцэне стол, на стале справы, паперы, кнігі, аловак, люстра, грабянёк. На падлозе ўсё паварочана, валяюцца парожнія бутэлькі.
Реквізыт.
2 вядры, адно з вадой. Венік з кіем. 1 бутэлька з вадой. Стол, крэслы (3), кнігі, паперы, справы, аловак, грабянёк, люстра. Гадзіньнік у пісара. Торба і хлеб у Гарбуза. Кій сукаваты ў Авечкі.
Тыпы.
Пісар, Старшыня, Судзьдзя — п’яніцы. Старшыня з вялікай чорнай барадой. Гарбуз — пакорны чалавек, барады толькі палова. Жонка — рухавая кабета. Авечка — жвавы чалавечак, зусім лысы, ніякай расьліны, храмы на правую нагу, з наклееным носам. Нагу, каб не сагіналася, трэба браць у ляшчоткі. Апрануты бедна. Авечка зусім як жабрак. Упраўляючы апрануты багата. Пальто, сурдут, новыя калёшы, складны цыліндар.