Зьява XIV-я.
Уваходзіць стораж Мірон.
СТОРАЖ
Вось гэта я разумею, коні — нібы зьвяры, не раўня нашым пацуком, уляцелі ў двор стралой. Прыгледзеўся я на старшыню і памысьліў: трывалы чалавек, ня так даўно выпаўз адсюль ракам, а прышлося — вунь як пакіраваў, з вазка зьняў, дзьверы адчыніў і, здаецца, пасьпеў нешта зьняць — гэта спрыт. Але на мяне крыўду мае, нашто разам з парсюком спаць паклаў. Нічагутка, я — таксама чалавек, адчуваю боль, гэта што ты старшыня, так Мірона можна ганьбіць, другі раз нап’ешся — на сьметнік завалаку на чарэп’і. А што, каб гэта я адважыўся гэту сьвітку з упраўляючага зьняць, — о не, няздатны, — зьняў-бы так, што полы былі-б асобна, а рукавы асобна. (Пауза). Крамная рэч, — ні вузельчыка, ні нітачкі, блішчыць, шалухціць (нюхае) і цыбулькай аддае. (Убачыў капялюш). А капялюш, капялюш! Гэткага я з роду ня бачыў, пан накрывае свой чэрап, а я ў ягады хадзіў-бы, вельмі прыгодны, чорны, цыбаты і тугі. (Паплёваў на яго, абцёр рукавом і палажыў на крэсла, — на тое месца, дзе сядзе судзьдзя, справа ад публікі).
A гэтыя гумалястковыя хадакі — таксама рэч паважная па гразі цяляпкацца. Божа, божа, як ты няроўна падзяліў, адным гэткую прыгоду, а другому век зрэб’я.
ПІСАР (з бакоўкі).
Пакліч сюды Гарбузоў.
СТОРАЖ (да дзьвярэй).
Гарбузы, кацецеся сюды.
Зьява XV-я,
Уваходзяць Гарбуз і жонка.
СТОРАЖ.
Ідзеце на суд, толькі ня тупайце, як коні.