АВЕЧКА.
Я скажу, поўкапы ўшкварыў яму, і гэтулькі даў мне.
СУДЗЬДЗЯ.
А ты як зьлічыў?
АВЕЧКА.
На вока браў. Я, пшэпрашаёнц, хоць няграматны, але на вока добра лічу. Я, глянуўшы на гурт, узгадаю, колькі там валоў; а глянуўшы на чалавека, узгадаю, колькі ён выпіў гарэлкі.
СТАРШЫНЯ.
А ты хто?
АВЕЧКА.
Я Лаўрэм Авечка, Гарбузоў сьведка, жыву ў Негнавічах у старэнькай хатцы, што вокнамі ды ў пушчу ўглядаецца.
СТАРШЫНЯ.
Кажы, што ведаеш, толькі ня лжы.
АВЕЧКА.
Няхай бог крые, каб Авечкі лгалі, Авечкі на гэта ня здатны. Наша радня ўсе шляхетнай крыві. Авечкі стражнікамі былі, у канцыраліях паперы пісалі. Адзін я, бядак, дзякуючы калецтву, змужычэў, седзячы ў вёсцы.
СУДЗЬДЗЯ.
Скажы, ці слупы на панскіх межах былі расстаўлены?
АВЕЧКА.
Ёсьць, роўненька адзін у вадзін.
СУДЗЬДЗЯ.
З надпісамі?
АВЕЧКА.
Пэўна-ж.
СУДЗЬДЗЯ.
Што там было напісана?