СУДЗЬДЗЯ.
Зрабеце ўвагу пра скулу.
СТАРШЫНЯ.
Упісаць словы. Далей.
ГАРБУЗ.
„Кароўку маю аддайце!“ пачаў крычаць я. Не даюць. Аж тут падбег Авечка.
АВЕЧКА.
Так точна, прыкульгаў я.
ГАРБУЗ.
Бачыць аконам, што нас двое, карову за рогі ды ў хлеў, а мы за хвост ды назад, аконам рвець карову да сябе, мы да сябе. Бачыць карова, што дрэнная справа — адарвуць хвост, стукнула рагамі аконаму пад мікіткі, ды наўцекі з двара; мы за ёй, аж тут паваліўся Авечка — лёг і я, і пачалі яны нас глушыць. Замітусілася ў маіх вачох, сьвет зрабіўся з хвігу, і я асунуўся.
АВЕЧКА.
Так точна, абамлеў.
ЖОНКА.
Тут падбегла я, загаласіла, заенчыла.
ПІСАР.
І што было?
ГАРБУЗ.
А яны сабе ўлажылі колькі хацелі і пашлі.
АВЕЧКА.
Так точна, пашлі, закурыўшы сьмярдзючыя цыгары з добрага пацука.
СУДЗЬДЗЯ.
Колькі разоў ён цябе ўдарыў?
ГАРБУЗ.
А хто яго лічыў, глушыў, колькі хацеў.