Перайсці да зместу

Старонка:Суд (1925, Менск).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яно гарэлкай сьмярдзіць, ну, а хто тут ёсьць, хто сьведкі, ці ўсе паперы. Сьведка нейкі Лаўрэм Авечка, пэўна, дурань, калі авечка. Ну, а ўрачэбнае сьвідзецельства ёсьць… што бараду выдралі і тры зубы выбілі. (Шукае). Няма, ну, тады Гарбуз пакоціцца назад, я магу сказаць, што мяне соннага пацук за нос укусіў, — хто гэтаму, паверыць? А ну, глянуць, які ў іх авечка. (Сеў на стол). Ці Авечка тут ёсьць? (За сцэнай — „Тут панок“) Паўзі сюды.

Зьява VI-я.

Уваходзіць сьведка Авечка.

ПІСАР.

Ты Авечка?

АВЕЧКА.

Так точна, я Лаўрэн Авечка.

ПІСАР.

Прайдзіся па канцэлярыі.

АВЕЧКА.

Прайціся?

ПІСАР.

Прайдзіся.

АВЕЧКА.

А закурыць дасьцё?

ПІСАР (грозна).

Прайдзіся па канцэлярыі.

АВЕЧКА (ідзе).

ПІСАР.

Кульгаешь трохі?

АВЕЧКА.

Ня трохі, а такі й добра кульгаю, яна ў мяне сухая, як таран, і карацей на цалі дзьве. (Пауза). А хто, пан, будзеце, ці ня доктар?