СТОРАЖ.
Зноў пачынаеце хваліць, і зараз скажаце прынесьці пахмяліцца.
ПІСАР.
Залаты чалавек, залаты, наперад ведае патрэбу маю.
СТОРАЖ.
На ліха вам патрэба, прачухаліся і добра.
ПІСАР.
Зразумей-жа ты, Мірон, што чарку ня вып’ю, галава, як палена, канцылярыя — сірата, ты бяз службы, сяляне без пашпартоў, воласьці няма, ну, а падругое, сягоньня суд, упраўляючы сам будзе.
Ну, будзь ласкаў, Мірон, схадзі прынясі поўпляжкі, ды па дарозе раскурстай старшыню.
СТОРАЖ.
Дайце-ж грошы!
ПІСАР.
Зноў камэдыя. Купі, Міронка, за свае, я прашастаўся ў карты, разьлічымся.
СТОРАЖ.
Калі гэта будзе? я са шчоту зьбіўся.
ПІСАР.
Я памятую. Ну, плыві, Мірон, плыві.
СТОРАЖ.
Ах пакіньце так казаць, я ня рыба, не паплыву.
ПІСАР.
Ну, дык пяшэчкам.
СТОРАЖ.
Гэта апошняя поўбытэлька на доўг. (Пашоў).
ПІСАР.
Вось да чаго дашоў. Я, пісар, грошы ў стоража пазычаю. Дзела № 447, праклятае дзела (панюхаў), і