ПІСАР.
Хто вырваў бараду, пытаюся?
ГАРБУЗ.
Аконам князёўскі.
ЖОНКА.
Але-ж, ён, аконам.
ПІСАР.
Ага, памятаю, гэта справа на чарзе, вылазьце за дзьверы, рассудзіме як сьлед. (Пауза).
Ну, чаго-ж лыпаеце вачыма, бач іх — расьселіся, паветра псуць, курылі тут?
ГАРБУЗ.
Ніхто ня курыў, хлеб елі ды баба папярхнулася.
ЖОНКА.
Так, паночку, папярхнулася.
ПІСАР.
Ну, вылазьце — паклічу. (Гарбузы пашлі). Значыць сягоньня суд, во каб цябе расьперазала, заледзьве не праспаў. (Разглядае на стале справы). Дело управляющего і эконома с крестьянином Гарбузом. Эконом і управляющий обвиняются, а Гарбуз потерпевший. (Пауза). Справа досыць паважная, толькі п’яной галаве і разьбіраць яе. (Пауза). Ліха ведае, да чаго я дашоў, адна страхата. Старшыня не праспаўся, судзьдзі таксама. Мірон, а Мірон! (Пауза). Ня йдзе, ён пасьля гэтакіх папоек недаступны.
Мірон, а Мірон, дзе ты, а то ў адседку пасаджу.
Зьява V-я.
Уваходзіць з 2-ма вёдрамі стораж Мірон.
ПІСАР.
Вось добра, Міронка, што ты тут, а яшчэ лепш, што вады прыпёр. Сьцюдзёная?