ЖОНКА.
Няхай табе не здаецца, не памру. (Есьць).
ГАРБУЗ.
Ізноў кладзеш цэлы акраец, ці пры памяці ты, баба?
ЖОНКА.
Ня у госьці прышлі, трактаваць ня будуць.
ГАРБУЗ.
А што, каб Авечку клікнуць, няхай-бы і ён укусіў трохі, таксама здарожыўся, зьнібыткаваўся.
ЖОНКА.
Ня трэба, нажарэцца, а пасьля ня сойдзецца. (Есьць).
ГАРБУЗ.
Як хочаш, зноў кажу табе не сьпяшайся, баба, і не кладзі такіх вялікіх кавалкаў, што цябе ў горб б’юць?
ЖОНКА.
Я не ў гасьцёх, ем свой хлеб.
Зьява IV-я.
Уваходзіць з бакоўкі пісар, галава ў пуху.
ПІСАР (пацягваецца).
І сам згадаць не магу, ці гэта раніца, ці вечар, — нічога ня кемлю. Сонца за бярозамі ня відаць, галава — як палена. Напіўся ўчора на імянінах, як сьвіньня… (Дастаў гадзіньнік). Ды што гэта з ім, памёр, пахілены, хто-ж гэта яго пахіляў; ну, тут нічога не даб’юся, ну, а чэрап мой цэлы? (Глядзіць у люстру). А бацюхны мае, няўжо гэта я? адна страхата, вось дзе кветка лугавая, каб цяпер шмаргануў цэглай па гэтым гарбузу.
ГАРБУЗ І ЖОНКА.
Паночку, Гарбузы ўжо тут.