Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

не пераканалі Крашэўскага ў тым, што «Апостал» у Вільні быў выданы ў 1525 годзе. Крашэўскі нават прыводзіць зусім няправільныя даты — 1519 і 1522 гады[1]. Ня гледзячы на зусім ясныя даныя аб тым, што «Апостал» быў надрукаваны ў Вільні ў 1525 годзе, і Кеппэн знаходзіць магчымым быць няпэўным адносна выхаду «Апостала» ў гэтым годзе[2]. Архібіскуп Філарэт быў добра знаёмы з папярэдняю літаратурай. Ен таксама лічыць 1525 год датай выхаду «Апостала» ў Вільні[3]. Пазьней дасьледчыкі як быццам лічылі гэтае пытаньне ўжо канчаткова разьвязаным.

Пытаньне аб тым, калі была выдана «Малая Падарожная Кніжыца», аб якой стала ведама ў першы раз дзякуючы Сопікаву, таксама выклікала разнагалосьсі сярод дасьледчыкаў. Сопікаў, які меў паасобнік «Каноніка», або «Акафістніка», а таксама «Псалтыру», — паасобнік без адзначэньня даты выхаду, — на падставе падабенства літар з літарамі «Апостала» Скарыны, выказвае прыпушчэньне, што памянёныя кнігі былі надрукаваны ў Вільні каля 1525 году. Гэтая думка Сопікава, выказаная на падставе выпадковага падабенства літар, зразумела патрабавала пагрунтаваньня, бо кнігі друкаваліся ў аднэй друкарні, і зацьвярджаць толькі на падставе падабенства літар, што «Малая Падарожная Кніжыца» вышла ў 1525 годзе, зразумела, нельга. Каратаеў, адзначыўшы, што год выданьня «Малое Падарожнае Кніжыцы» не датаваны Скарынай, таксама адносіць надрукаваньне кнігі да 1525 году[4].

Пытаньне аб часе выхаду праскага «Псалтыру» ня было прадметам спрэчак, бо ў «Псалтыру», які быў набыты на Ніжагародзкім кірмашы Хлудавым, быў дакладна паказаны час яго надрукаваньня[5].

Таксама і час выхаду паасобных кніг бібліі не выклікаў сумненьняў, бо на кожным паасобніку паказаны быў год выданьня. Вялікую блытаніну ўносіць у гэтае пытаньне Вішнеўскі, які прыводзіць пры гэтым зусім няверныя даныя[6]. У апісаньні Каратаева дакладна азначаны час выхаду біблійных кніг, выданых Скарынай[7]. Даты выхаду паказваюць надзвычайную напружанасьць працы Скарыны. Толькі дзякуючы дзіўнай продукцыйнасьці працы, было магчыма ў параўнальна кароткі час надрукаваць так прыгожа і такі вялікі лік біблійных кніг.

Другое пытаньне, якое падымалася ў скарынінскай літаратуры, было пытаньне аб месцы выданьня скарынінскае бібліі. Ужо Штрытэр адзначыў, што кнігі Скарыны надрукаваны ў Празе. Не зварочваючы ўвагі на розныя эпітэты, якімі Скарына характарызаваў места Прагу, Штрытэр кінуў зусім бяздовадную думку аб тым, што кнігі Скарыны былі надрукаваны ў Празе Варшаўскай, а не Богэмскай[8]. Упоўне правы быў Даброўскі, калі выступіў супроць гэтага зацьвярджэньня, і паказаў, што месцам скарынінскіх выданьняў магла быць толькі Прага Чэская. У 1519 годзе Варшаўская Прага была вельмі нязнчным маленькім мястэчкам, якое ня мела ніякага культурнага значэньня. Трэба дзівіцца, што дасьледчыкі не заўважылі гэтага. Аднак, і сам

  1. Kraszewski. Op. cit. T. IV. Стар. 115.
  2. Кеппен П. Материалы для истории просвещения в России. Библиографические листы. СПБ. 1825. Стар. 79-84.
  3. Ар. Филарет. Op. cit., стар. 129—130.
  4. Каратаев. Op. cit., Т. I, № 19.
  5. Ibid. № 14.
  6. Wiszniewski. Op. cit. VIII. Стар. 468—470.
  7. Каратаев. Op. cit., стар. 35-43
  8. Штриттер. Op. cit., стар. 193.