Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Расійская гістарычная і гістарычна-літаратурная навука параўнальна позна пачала зварочваць увагу на вывучэньне жыцьця і дзейнасьці Скарыны. Калі ў Карамзіна ёсьць некаторыя ўпаміны аб Скарыне, дык Салаўёў зусім маўчыць аб ім. Зразумела, калі Салаўёў цікавіўся толькі гісторыяй дзяржавы, дык Вялікае Княства Літоўскае цікавіла яго пастолькі, паколькі яно ўваходзіла ў тыя ці іншыя дачыненьні з Масквой. Салаўёў гатоў цікавіцца царкоўнымі адносінамі, але ня культурнымі. Толькі Бестужаў-Румін у сваёй „Русской Истории" адвёў большае месца гісторыі „Заходняе Русі" і нарысу яе разумовага і моральнага стану. Для Бестужава Беларусь ёсьць толькі „Заходняя Расія", але гэтая „Расія" настолькі орыгінальна ў параўнаньні з Масквой, што для яе зразуменьня трэба вывучаць яе зусім самастойна. Бестужаў так і зрабіў. Ён першы даў грунтоўны гістарычна-культурны нарыс Вялікага Княства Літоўскага і сказаў некалькі слоў аб Ф. Скарыне ў разьдзеле, адведзеным характарыстыцы моральнага і матар'яльнага стану Вялікага Княства Літоўскага ў XVI сталецьці. К. Н. Бестужаў адзначыў, што, хаця „руская" мова пераважвала ўва ўсіх юрыдычных помніках, аднак, асаблівага красаваньня „рускае літаратуры" ня было. Толькі з пачатку XVI сталецьця пачынаецца ажыўленьне ў разумовым разьвіцьці „Заходняе Расіі". Бестужаў-Румін зьвязвае пачатак гэтага разумовага руху з пачаткам друкаваньня Фіолем славянскіх кніг у Кракаве, якое хутка спынілася, і аднаўленьнем яго Ф. Скарынай. Аб першым беларускім друкары Бестужаў-Румін сказаў толькі некалькі слоў, а ўласна: „З 1517 году прымаецца за працу друкаваньня кніг доктар мэдыцыны Францішак Скарына, родам з Полацку. Друкаваньне ён пачаў у Празе Чэскай, дзе ён выдаў „Псалтыр”, а потым, з 1517—1519 г.—22 кнігі сьвятога пісьма ў стараславянскім перакладзе; правераным па гэбрайскіх і грэцкіх кнігах і асабліва па Вульгаце. Потым, пераехаўшы ў Вільню, Скарына выдаў тут „Апостал" і „Сьледаваны Псалтыр" (1525) і на гэтым скончыў сваю дзейнасьць". Бестужаў-Румін таксама падзяляе прыпушчэньне аб тым, што Пётра Мсьціславец, адзін з першых друкароў у Маскве, быў адным з майстроў друкарні Скарына і адышоў з Вільні ў Маскву. Калі нават апошняе прыпушчэньне і нявернае, дык усё-ткі, на думку аўтара, справа не магла застацца бяз уплыву на Маскву. Бестужаў-Румін лічыў, што друкаваныя кнігі разыходзіліся сярод тагачаснага грамадзянства, бо пісьменнасьць у вапошнім, як сярод каталікоў, так і праваслаўных, мела вялікае пашырэньне. Бестужаў-Румін, верны свайму мэтаду даваць толькі правераныя факты, ува ўвазе адзначае рознагалосьсі, якія існавалі ў літаратуры адносна прыналежнасьці Скарыны да таго ці іншага вызнаньня. Але сам Бестужаў пакідае гэтае пытаньне адчыненым [1].

Усьлед за Бестужавым і Д. І. Ілавайскі сказаў аб Скарыне некалькі слоў. Ілавайскаму знаёма і праца Уладзімерава, і артыкул Галавацкага, і анонімная заметка аб адносінах перакладу Скарынай бібліі да Вульгаты і стара-славянскага тэксту. Аўтар закранае дзейнасьць Скарыны ў тым разьдзеле, дзе ён кажа аб маскоўскіх друкарох. Ілавайскі пачынае з вельмі няпоўнае гісторыі друкаваньня царкоўнаславянскіх кніг у Кракаве, Вэнэцыі, Чорнагорыі. Устаўка аб Скарыне зусім выпадковая. Ілавайскі не дае ніякай характарыстыкі дзейнасьці- Скарыны. Ён абмяжоўваецца толькі паказаньнем, што Скарына быў „рускі чалавек, родам з Полацку, які атрымаў унівэрсытэцкую адукацыю за рубяжом і набыў годнасьць доктара мэдыцыны". Крыніцай пе-

  1. К.Н. Бестужев-Рюмин. Русская История. Т. ІІ, в. І, СПБ. 1885. Стар. 136-137.