Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шым гуманістым на Ўсходзе, ён першы пераклаў кнігі сьвятога пісьма на народную мову. Яго біблійныя пераклады мелі вялікае пашырэньне на Украіне і выклікалі перайманьні. Крыніцаю перакладу бібліі зьяўляецца чэская біблія 1506 году і царкоўна-славянская. Праўда нельга апошняе пытаньне разьвязваць так рашуча, як гэта робіць Огіенка, калі існуюць пярэчаньні Сабалеўскага і меркаваньні Ўладзімерава[1].

Гэты-ж самы юбілей выклікаў зьяўленьне і артыкулу Ярэмчанкі, зьмешчанага ў „Літаратурна-Навуковым Весьніку". На жаль, гэты артыкул вельмі далёкі ад тэй об'ектыўнасьці і таго навуковага тону, які ўласьцівы артыкулам Огіенкі. Ярэмчанка якім-бы ні было чынам хоча абярнуць Скарыну ў украінца, даючы тэрміну „рускі" тое тлумачэньне, якое яму даецца ў Галіцыі ў цяперашні час. Ярэмчанка выказвае прыпушчэньне, што Скарына быў украінцам, але толькі нарадзіўся ў Полацку, а калі і быў беларусам, дык словам „рускі" ён стараўся паказаць свой нахіл да украінскае культуры. Зразумела, гэтыя разважаньні ніякага значэньня ня маюць. Яны кажуць толькі аб настроі аўтара і сьведчаць аб некаторым неразуменьні таго пытаньня, якое зьяўляецца прадметам яго вывучэньня. Далей, Ярэмчанку невядома атрыманьне Скарынай ступені доктара мэдыцыны ў Падуанскім Унівэрсытэце. Дзеля гэтага ён утварае гіпотэзу, што Скарына свой доктарат скончыў у Праскім Унівэрсытэце, а потым скончыў сваю адукацыю ў Болёньні і Падуі. Урэшце, магчыма таксама, што Скарына беспасрэдна з Кракава паехаў у Італію вучыцца. Да фантастычных разважаньняў трэба аднесьці і апавяданьне аб тым, як у Лютэра гасьцяваў Францішак-паляк. Гэтую легенду ўжо даўно трэба адкінуць. Ярэмчанка тлумачыць выдавецкую дзейнасьць Скарыны перайманьнем чэхаў. Выданьнем свае бібліі ў народнай мове Скарына, як думае Ярэмчанка, хацеў даць свайму народу тагачасную энцыкляпэдыю вед, якою была біблія, і ў якой можна было навучыцца „сямі вольным навукам". Таксама трэба адкінуць і тлумачэньне політычнымі мотывамі ад'езду Скарыны з Прагі, як гэта рабіў Даброўскі, а за ім паўтарае Ярэмчанка. Аб гэтым пытаньні наогул няма ніякіх даных, і лепш было-б аб гэтым маўчаць. Наогул, аўтар выкарыстаў цалкам усю кнігу Ўладзімерава, але ня ўзяў з яе таго асьцярожнага крытычнага духу, якім яна прасякнута. Ярэмчанка таксама адмаўляецца ад азначэньня году сьмерці Скарыны, адзначаючы, што апошнія весткі аб першым друкару адносяцца да 1535 году. Артыкул канчаецца характарыстыкай таго ўплыву, які Скарына меў у далейшым[2].

Пэўнае месца адведзена Скарыне і профэсарам Ул. Сьвяньціцкім у яго выдатным творы „Початкі книгопечатаня на землях Украіни". Дзейнасьць Скарыны разглядаецца на фоне кракаўскіх, сэрбскіх і вэнэцыйскіх славянскіх выданьняў. Аўтар адзначае, што Скарына папярэдзіў сваіх сучасьнікаў, бо ён даў Беларусі бадай што ўсю біблію ў зразумелай для народу мове. У гэтых адносінах Скарына пайшоў за нямецкімі бібліямі XV сталецьця і чэскай бібліяй 1506 году. Сьвяньціцкі таксама высака цэніць выданьні Скарыны з тэхнічна-мастацкага боку і ставіць іх у шэрагу найлепшых узораў першапачатковага кнігадрукаваньня[3].

  1. Пр. Огіенко Ів. Друкарська Трійця. „Літопісь”, 1924, Бэрлін, №№ 12 і 13, старонкі 180-182, 197-198.
  2. Яремченко Ол. Др. Франціск-Георгій Скорина, його життя та литературна и видавнича діяльність. „Літературо-Науковий Вістник”, 1923, кніжка XI, стар. 253—259
  3. Початкі книгопечатаня на землях Украіни. Львів, 1921, стар. 15 і 16