Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

друкара. Апошняя разглядаецца ў адпаведнай культурна-гістарычнай абстаноўцы. Цэнтр увагі А. Станкевіча — жыцьцё Скарыны і яго' дзейнасьць у Празе і ў Вільні. Праца Станкевіча не орыгінальная, бо ў яе аснове ляжыць праца Уладзімерава, а таксама артыкулы ў бэрлінскім часопісе „Літопісь" за 1924 год, а некаторыя факты ўзяты і з працы Сьвяньціцкага „Початкі кнігопечатаня на землях Украіни”. А. Станкевіч, усьлед за Ўладзімеравым, вельмі асьцярожны ў сваіх вывадах і ніколі не закранае фактаў, якія немагчыма падтрымаць адпаведнымі довадамі, напрыклад, пытаньне аб вызнаньні Скарыны. А. Станкевіч, даючы апісаньне праскіх і віленскіх друкаў, прабаваў таксама выявіць сутнасьць скарынінскага сьветаразуменьня. Нельга назваць спробу аўтара ўдалай, хаця трэба згадзіцца з думкай аўтара аб тым, што гуманістычны рух у Італіі і Заходняй Эўропе зрабіў пэўны ўплыў на Скарыну. Урэшце, гэтая правільная гіпотэза нічым не даведзена. Але адкуль аўтару вядома, што „несьмяротны Дантэ, слаўны Пэтрарка, Боккачыо і іншыя вялікія поэты, патрыёты сонечнай Італіі, прадвесьнікі гуманізму, былі добра вядомы Скарыне і служылі багатым узорам для яго культурна-прасьветнай дзейнасьці”, нам і пасьля працы Станкевіча засталося невядомым. Урэшце, і самая характарыстыка Дантэ, Пэтраркі і Боккачыо як папярэднікаў гуманізму, — зьяўляецца спрэчнай, калі не адносна Дантэ, дык адносна двох апошніх гуманістых. Заслугоўвае ўвагі заключны разьдзел працы А. Станкевіча, прысьвечаны высьвятленьню значэньня дзейнасьці Скарыны. Аўтар правільна зацьвярджае, што „Скарына сваімі кніжкамі далучаў Беларусь да агульна-эўропейскае культуры"[1]

Другая праца юбілейнага характару вышла ў Коўні і належыць пяру В. Ластоўскага. Гэты невялічкі памерамі артыкул агульнага характару варты ўсялякае ўвагі, хаця з паасобнымі паглядамі аўтара згадзіцца цяжка. Так, В. Ластоўскі падтрымлівае гіпотэзу аб тым, што Скарына перад атрыманьнем ступені доктара мэдыцыны ў Падуі вучыўся ў Праскім Унівэрсытэце. Аднак, як-бы ні была цікава гэтая гіпотэза, яе ўсё-ткі трэба адкінуць. Трэба таксама аднесьці да катэгорыі поэтычных вымыслаў разважаньні Ластоўскага аб тым, як Скарына зьвярнуўся на бацькаўшчыну, як ён пазнаёміўся з мясцовымі культурнымі дзеячамі, як у яго зьявіўся намер прысьвеціць сябе асьветнай працы, а таксама аб тым, чаму Скарына пакінуў бацькаўшчыну і пасяліўся ў Празе. Усе гэтыя разважаньні фактамі даведзены быць ня могуць, і лепш было-бы іх не закранаць. І Ластоўскаму матар'ялы Мілавідава засталіся невядомымі, хаця яны зьмяшчаюць надзвычайна каштоўныя даныя для жыцьцяпісу Скарыны. Наогул на працу Ластоўскага зрабіў пэўны ўплыў артыкул Карскага аб Скарыне. Калі Ластоўскі характарызуе асобу Скарыны, як „культурнейшага чалавека сваіх часоў, які нічым ня ўступаў тагочасным заходня-эўропейскім дзеячом ні розумам, ні энэргіяй, ні сваімі шырокімі помысламі", дык аўтар паўтарае даслоўна словы Карскага. Артыкул Ластоўскага канчаецца агульнай характарыстыкай выданьняў Скарыны з пункту погляду іх тэхнікі і мастацкасьці. У канцы артыкулу прыведзены ўзоры скарынінскіх біблійных перакладаў. Артыкул канчаецца агульнай характарыстыкай значэньня дзейнасьці Скарыны. Трэба таксама адзначыць, што ў артыкуле вельмі добра ілюстраваны той матар'ял, які мае дачыненьне да тэхнікі скарынінскіх выданьняў[2].

  1. А. Станкевіч. Доктар Францішак Скарына—першы друкар беларускі. 1525—1935. Вільня. 1925. Стар. 56.
  2. Ластоўскі В. Доктар Франціш Скарына (1525-1925). “Крывіч”. Коўня. 1925 “2 Стар. 313