Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зумоўна, і вельмі спрэчная, — дык, усё-ж бясспрэчна правільна прыпушчэньне, што Скарына нарадзіўся некалькі раней, чымся гэта вызначыў Уладзімераў. Калі прыняць датай 1486 год, дык Скарыне ў момант паступленьня ў Кракаўскі Унівэрсытэт было 18 год. Уладзімераў вывучыў выданьні Скарыны з пункту пагляду друкарскага мастацтва, але пытаньне аб гравюрах і орнамэнтах у выданьнях Скарыны ён не закрануў. У літаратуры аб Скарыне, якая існуе з гэтага поваду, аб Скарыне сказана толькі некалькі слоў, і ўпоўне зразумела, што чарговым заданьнем гісторыкаў мастацтва было вывучэньне гравюр і орнамэнтаў у выданьнях Скарыны. Гэтую спробу зрабіў Шчакаціхін, і, трэба сказаць, зрабіў вельмі ўдала[1]. Гравюры і орнамэнты Шчакаціхін вывучыў вельмі падрабязна з пункту пагляду іх мастацкага выкананьня аўтар ставіць іх вельмі высака. Зразумела, у артыкуле Шчакаціхіна намечаны толькі асноўныя вехі. Само па сабе пытаньне такое складанае, што патрабуе самастойнага вывучэньня, што Шчакаціхін і зрабіў у іншай працы[2].

Сьвяткаваньне 400-лецьця беларускага друку ў Менску выклікала зьяўленьне артыкулу юбілейнага характару А. Харэвіча: „Скарына і яго эпоха". Аўтар дае характарыстыку стану Літоўска-Беларускае дзяржавы ў канцы XV і ў пачатку XVI сталецьця. Аўтар зварочвае ўвагу на разьвіцьцё буйнога зямляўласьніцтва і злучаных з ім шляхоцкіх вольнасьцяй, на становішча местаў, на моральны заняпад царквы. Аўтар констатуе, што ў гэтую эпоху ў краіне далёка ня ўсё было ў добрым стане. Грубасьць, самаўладзтва, забойствы, рабункі, уціск сялянскіх мас былі характэрнымі адзнакамі эпохі. Народная асьвета знаходзілася на самай нізкай ступені. На гэтай падставе і пачынае разьвівавацца дзейнасьць Скарыны. Аўтар зусім правы, калі, разглядаючы ідэолёгію Скарыны, ён бачыць у ёй рэакцыю супроць сярэднявечнага сьветаразуменьня. Дзякуючы гэтаму, для Харэвіча Скарына зьяўляецца прадстаўніком гуманістычнага сьвету. У працы Харэвіча ёсьць некаторыя жыцьцяпісныя даныя аб Скарыне. Упоўне зразумела, што аўтар асьцярожна адносіцца да вываду Шчакаціхіна аб годзе нараджэньня Скарыны. Даючы кароткі нарыс жыцьця і дзейнасьці Скарыны, А. Харэвіч заўсёды стаіць на грунце фактаў і ніколі не прыбягае да вымыслаў, якіх немагчыма апраўдаць адноскамі да крыніц. Для жыцьцяпісу Скарыны А. Харевіч чамусьці ня выкарыстаў матар'ялаў Мілавідава. Зразумела, ацэнку дзейнасьці Скарыны аўтар зрабіў зусім правільна. Аўтар бачыць у васобе Скарыны прадстаўніка тае эпохі, якая была цесна зьвязана з рэформацыйным рухам, хаця ў бібліі Скарыны дух рэформацыі не адчуваецца. Аднак, такія консэрватары, як князь А. Курбскі, адносіліся адмоўна да перакладу бібліі Скарыны, лічачы скарынінскую біблію кнігай неправаслаўнага характару. Уся скарынінская ідэолёгія, на думку Харэвіча, ідзе супроць духу эпохі. І некаторымі сваімі думкамі, зацьвярджае Харэвіч, Скарына папярэдзіў сваю эпоху на цэлае сталецьце. Асноўнаю яго ідэяй, што чырвонай ніцьцю праходзіць праз усе выданьні Скарыны, зьяўляецца ідэя аб сувязі пісьменнасьці з народам, ідэя такая актуальная ў наш час. Артыкул А. Харэвіча можна прылічыць да аднаго з найлепшых, якія зьявіліся ў сувязі з юбілеем[3].

  1. Шчакаціхін М. Дрэварыты і орнамэнт ў выданьнях Скарыны. “Наш Край”, 1926, №1
  2. Яго-ж. Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны – у гэтым зборніку, стар. 180-228
  3. А. Харэвіч. Ф. Скарына і яго эпоха. “Полымя”, 1925. №7. Стар. 138-153