Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

турнага адраджэньня. Знаёмства з філёлёгіяй асабліва выявілася ў перакладзе бібліі на беларускую мову. У канцы XVI сталецьця за гэтую справу ўзяўся вандроўны друкар Базыль Цяпінскі, а ў першай палове XVI сталецьця гэтую задачу бліскуча выканаў палачанін Фр. Скарына, які імкнуўся „к наученію простых людей руского языка". Новая культура закранула зямельную арыстакратыю і шляхоцкую дэмократыю, часткова і гарадзкое грамадзянства[1]. У іншым месцы, даючы агульную характарыстыку беларускага адраджэньня, Пічэта адзначае, што гандлёвыя сувязі з Заходняй Эўропай дапамагалі праніканьню ў месты і ў колы зямляўласьнікаў эўропейскае культуры і ўтваралі гуманістычны рух, нацыянальны ў сваёй аснове і індывідуалістычны па сваім характары. Скарына належыць да гарадзкіх гуманістых. Называючы Скарыну гуманістым, Пічэта, аднак, не прабуе выясьніць сутнасьць гуманістычнага сьветапагляду Скарыны. Кажучы аб значэньні перакладу бібліі Скарынай, аўтар заўважвае, што, „перакладаючы сьвятое пісьмо на родную мову, Скарына стараўся зрабіць яго даступным, зразумелым для шырокіх народных гушчаў. Для Скарыны сьвятое пісьмо мае аграмаднае моральна-навучальнае значэньне, як крыніца жыцьцёвай мудрасьці і боскай праўды"[2]. Пічэта зварочваецца яшчэ раз да Скарыны ў сувязі з сьвяткаваньнем чатырохсотлецьця беларускага друку. Пічэта доўга спыняецца на пахаджэньні і агульным характары беларускага адраджэньня. Аўтар прылічвае Скарыну да сярэдня-заможнага мяшчанства. Ён шырака выкарыстаў матар'ялы Шляпкіна і Мілавідава. Ён піша, што ў 1535 годзе Скарына жыў у Вільні, але год яго сьмерці застаецца невядомым. Даўшы агульны малюнак дзейнасьці Скарыны ў Празе і Вільні, Пічэта спыняецца на характарыстыцы сьветапагляду першага беларускага друкара, як гуманістага. Аўтар лічыць, што „індывідуалізм Скарыны, даволі рэзка выяўлены, хоць не парваўшы сувязі з рэлігійнымі традыцыямі, далучаецца да індывідуалізму раньніх італьянскіх гуманістых як Дантэ, якія заставаліся на грунце ортодоксальнага каталіцызму. Ф. Скарына быў сынам свайго веку, хаця-ж яго зацікаўленасьць прыродай цалкам грунтуецца на падставах царкоўных сьветапаглядаў"[3].

Усе дасьледчыкі, усьлед за Уладзімеравым, лічылі, што Скарына нарадзіўся ў апошняй чвэрці XV сталецьця, каля 1490 году. Аднак, гэтую дату Уладзімераў прыняў вельмі ўмоўна, бо ён ніякіх даных для гэтага ня меў, апроч таго, што Скарына паступіў у Кракаўскі Унівэрсытэт у 1504 годзе. Значыцца, у момант паступленьня Скарыны ў Кракаўскі Унівэрсытэт ён меў ня меней як 14 год. Трэба думаць, што чатырнаццацілетні ўзрост быў крыху замалы для ўступу да Унівэрсытэту, і трэба лічыць год нараджэньня Скарыны некалькі раней. Урэшце, дакладнае даты дагэтуль яшчэ мы вызначыць ня можам. М. М. Шчакаціхін высунуў цікавую гіпотэзу аб 1486 годзе, як годзе нараджэньня Скарыны. Свой вывад Шчакаціхін робіць на падставе вывучэньня гэрбу Скарыны, які трэба было вытлумачыць згодна з тагачаснымі астролёгічнымі ведамі. Шчакаціхін лічыць, што Скарына павінен быў нарадзіцца ў той год, калі было зацьменьне сонца, якое было відаць у Полацку. Такое зацьменьне відаць было там у 1486 годзе. Зацьменьне адбылося 6 сакавіка 1486 году. Значыцца, гэты дзень і трэба лічыць днём нараджэньня Скарыны[4]. Гіпотэза Шчакаціхіна вельмі цікавая і заслугоўвае пэўнае ўвагі. Калі яна нават, бя-

  1. Курс белоруссоведения. М. 1918-1920. Стар. 37-38
  2. Пічэта. Гісторыя Беларусі. Ч. І. Масква, 1924. Стар. 125-126
  3. Пічэта. Францішак Скарына і яго працы. “Савецкая Беларусь”, 1925. №№292-293
  4. Шчакаціхін М. Калі рад. Францішак Скарына. „Полымя”, 1925, № 5. Стар.148-152