Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

М. Гарэцкі, аўтар „Гісторыі беларускае літаратуры"[1], зразумела, аддаў Скарыне многа ўвагі ў сваёй кнізе. Францішак Скарына — яскравы прадстаўнік беларускае літаратуры „залатога веку". Аўтар разглядае усебакова жыцьцё і дзейнасьць Скарыны, бачачы ў ім „гуманістага, патрыота і чалавека пабожнага, лепшага інтэлігента свайго часу". У працы ёсьць і бяздовадныя думкі. Так, Скарына зьяўляецца сынам „заможных купцоў, якія мелі гандаль з Рыгаю і Вільняю". Гэта ёсьць першая памылка. Няправільна таксама і другое зацьвярджэньне аўтара, быццам Скарына пазьней, калі рабіў падарож па Нямеччыне, пазнаёміўся з Лютэрам, які „быў да яго няпрыхільны, бо думаў, што Скарына — нячыстая сіла". Гэтую байку трэба было-б выкінуць з курсу, які прэтэндуе на навуковасьць. З пасьляслоўя да „Псалтыру" 1517 году вядома, што Скарыне пры друкаваньні даў матар'яльную дапамогу Онькаў, сын радцы места Віленскага. У Гарэцкага сустракаецца такая думка, якую немагчыма давесьці: „у гэтай працы яму памаглі заможныя беларусы, прыхільнікі асьветы, а ў першы чарод памагло, кладучы кошт, Віленскае Панскае брацтва. Памаглі яму і беларускія мяшчане, прыкладам, сын віленскага радцы Багдан Онькаў, віленскі бурмістар Якуб Бабіч і іншыя. Яны давалі яму грошы і здабывалі і прысылалі патрэбныя матар'ялы". Можа быць гэта так і было, — мы гэта ня ведаем, — але апроч пасьляслоўя да „Псалтыру" 1517 году мы ніякіх даных ня маем, і лепш было-б у гэтым разе быць, як Уладзімераў, надта асьцярожным і ўнікаць бяздовадных фраз. Высьвятляючы значэньне Скарыны, Гарэцкі правільна зацьвярджае, што „Скарына стаіць у нас на вялікім гістарычна-літаратурным і культурным рубяжы, як першы беларускі друкар. Друкарня яго ў Вільні, першая на Беларусі, адбыла вялікую культурную місію для ўсяго славянскага Усходу".[2]

Таксама Н. Л. Янчук, даючы наогул правільную і цікавую характарыстыку Скарыны, робіць памылкі[3]. У Янчука Скарына — шляхціц пахаджэньнем, бо меў свой гэрб, хаця яго родныя належалі да купецкага і мяшчанскага стану. Гэта, зразумела, няверна. Няправільна і тое, што Скарына меў досыць вялікую маёмасьць, аб чым мы нічога ня ведаем. Н. А. Янчук не памінае аб атрыманьні Скарынаю ступені доктара ў Падуі. Бясспрэчна, вялікаю заслугай Янчука зьяўляецца тое, што ён на грунце прадмоў Скарыны, спрабаваў пазнаёміць чытача са сьветлапаглядам Скарыны. Памёршы вучоны зрабіў гэта ўпяршыню. Зусім правы Янчук і ў сваёй выдатнай характарыстыцы дзейнасьці першага беларускага друкара, „Доктар Скарына, — піша Янчук, — сваімі выданьнямі ўліваў сьвежы струмень у царкоўнае жыцьцё; ён дапамагаў разьвіцьцю сьвядомых адносін да царкоўных кніжок і да рэлігіі; а што для нас найважней, так гэта тое, што Скарына першы даў у рукі народу зразумелую літаратуру і прабуджаў у гэтым народзе замілаваньне да асьветы і да роднага слова”.

Эпоха XVII сталецьця на Беларусі, у ацэнцы Ў. І. Пічэты, можа быць названа „беларускім адраджэньнем". Заходня-рускае, г. зн. беларускае адраджэньне, піша Пічэта, якое насіла ясна індывідуалістычны характар, знаёміла беларускую шляхоцкую дэмократыю з рымскім правам і рабіла яе асабліва ўпартай у павароце сваіх індывідуальных праў. Зьбіраньне бібліотэк было таксама адбіткам беларускага куль-

  1. М, Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня. 1920. Стар. 21.
  2. Ibidem, стар. 25
  3. Проф. Янчук Н.Я. Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры. Менск, 1922. Стар. 8-15