Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праца Карскага вельмі цікавая і зьяўляецца абагульненьнем усяго матар'ялу, які мы дагэтуль маем. Карскі высака ставіць дзейнасьць Скарыны і лічыць, што ўсе яго выданьні ёсьць выдатнае ў шмат якіх адносінах зьявішча „заходня-рускае" культуры. У васобе Скарыны, на думку Карскага, мы маем адукаванага чалавека свайго часу, які ніколькі ня быў ніжэй за тагачасных заходня-эўропейскіх дзеячоў ані розумам сваім, ані энэргіяй і высокімі замысламі. Не знаходзячы на бацькаўшчыне вышэйшае навукі, ён вандруе па найболей выдатных заходня-эўропейскіх унівэрсытэтах, дасягае вышэйшых вед і скарыстоўвае іх на карысьць свайго народу. Так ацэньвае асобу Скарыны Карскі. Хаця Скарына пераклаў сваю біблію з чэскага выданьня 1506 году, аднак, у сваім перакладзе ён выявіў шмат самастойнасьці. Апошняя выяўлялася перш за ўсё ў тым, што Скарына некаторыя кнігі альбо часткі іх пераклаў на народную мову. Самастойнасьць Скарыны выяўлялася і ў напісаных ім прадмовах як да паасобных кніг, так і да цэлых груп іх. Нарэшце, самастойнасьць Скарыны выяўлялася ў тым, што ён часам для ажыўленьня сваіх выданьняў ужывае вершы сылябічнага характару. Гэты род творчасьці з часам вельмі разьвіўся ў „Заходняй і Паўднёвай Русі”, не бяз уплыву, зразумела, польскіх і чэскіх выданьняў, дзе такія вершы зьмяшчаліся. Да артыкулу Карскага далучаны адрыўкі з перакладаў Скарыны і дадзена падрабязная характарыстыка ўплыву Скарыны на разьвіцьцё беларускае і украінскае пісьменнасьці. Ня гледзячы на сьцісласьць нарысу, апошні адзначаецца глыбінёю і багацьцем зьместу. Трэба адзначыць, што Карскі ніколі ня высоўвае такіх гіпотэз, якія ўтваралі і, відавочна, будуць утвараць многія пісьменьнікі для тлумачэньня і разуменьня дзейнасьці Скарыны. Карскі заўсёды стаіць на грунце фактаў, вызначаных навукай. Значэньне Скарыны Карскі характарызуе так: „Такім чынам, перакладная і выдавецкая дзейнасьць славутага беларуса XVІ сталецьця зьяўляецца выдатнай ня толькі сама па сабе, але таксама і па тым уплыве, які яна зрабіла на далейшае разьвіцьцё гэтай галіны пісьменства. Яго друкаваныя пераклады папярэдзілі значна горшыя за іх сваім знадворным выглядам маскоўскія выданьні болей як на 30 год” [1]. Нарэшце, Карскі выпусьціў вялікую кнігу аб беларускай старой пісьменнасьці, у якой Скарына, зразумела, займае належнае месца. Аднак, усё, што напісаў Карскі аб Скарыне ў новай кнізе, ёсьць бадай што даслоўнае аднаўленьне папярэдняга артыкулу з вельмі нязначнымі дадаткамі ілюстрацыйнага характару[2].

Шмат увагі аддае дзейнасьці Скарыны Ў. М. Ігнатоўскі ў сваім „Кароткім нарысе гісторыі Беларусі". Уся эпоха XVI сталецьця здаецца аўтару эпохаю высокае культуры літоўска-беларускае дзяржавы. Аб гэтым сьведчыць разьвіцьцё беларускага друку, з якім злучана дзейнасьць першага беларускага друкара Францішка Скарыны. Характарыстыка асобы Скарыны зроблена яскрава і выразна. Аўтар прылічвае Скарыну да багатай гандлярскай сям'і. Апроч таго, У. М. Ігнатоўскі не адзначае атрыманьне Скарынай ступені „доктара ў лекарстве" ў Падуанскім Унівэрсытэце. Аўтар абмежаваўся толькі агульнаю фразай, што Скарына, незадаволены атрыманаю адукацыяй, паехаў у Заходнюю Эўропу, дзе таксама скончыў адзін з унівэрсытэтаў, але ўжо па мэдычным факультэце, і атрымаў ступень доктара[3].

  1. Карский Е.Ф. Доктор Франциск Скорина, «Чырвоны Шлях». 1918. №№3-4, стар. 13-16
  2. Ibidem. «Белорусы». Т. ІІІ. Птр. 1921. Стар. 27-35
  3. Ігнатоўскі Ў.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Менск. 1919. Стар. 69-71