Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

коўная іерархія, але і магнаты, а за імі пайшлі і сярэднія клясы, не выключаючы мяшчан, якіх аўтар, як думае Будзіловіч, мае нахіл крыху ідэалізаваць. Рэцэнзэнт нязгодны з Уладзімеравым адносна прычын выступленьня Скарыны на царкоўна-пісьменьніцкі шлях. Мяшчанскае пахаджэньне Скарыны ня мае да гэтага ніякіх адносін. Скарына кіраваўся нейкімі іншымі асабістымі нахільнасьцямі і ўмовамі. Аднак, сам Будзіловіч ня тлумачыць, якія ўласна былі гэтыя апошнія.

Далей Будзіловіч ставіць у дакор Уладзімераву непаўнату сабраных ім вестак аб літаратурных падручніках і ўплывах на Скарыну, што блага адбілася на некаторых частках яго дакладваньня. Будзіловіч знаходзіць, што аўтар павінен быў-бы ўключыць у склад свайго ўступнога агляду характарыстыку найважнейшых зьявішч і напрамкаў тагочаснае заходня-славянскае літаратуры, якая мела бясспрэчны ўплыў на нараджэньне ідэй Скарыны і разьвіцьцё яго выдавецкае дзейнасьці. Адзначаючы беднасьць вядомых Уладзімераву жыцьцяпісных вестак аб Скарыне, Будзіловіч лічыў, што год сьмерці Скарыны азначаны Уладзімеравым зусім бяздовадна, а сам Будзіловіч схіляецца да думкі, што Скарына памёр значна раней. Калі-б Скарына перажыў цяжкія 30-я гады і дажыў-бы да рэформацыйнага руху на Літве, дык ён бадай не сядзеў-бы ў бязьдзейнасьці, як заўважвае Будзіловіч.

Рэцэнзэнт лічыць вялікай заслугай Уладзімерава распрацоўку паасобных разьдзелаў, датычных дзейнасьці Скарыны. Усе выданьні Скарыны аўтар разгледзеў вельмі ўважліва і старанна. Будзіловіч лічыць шэраг вывадаў Уладзімірава бясспрэчнымі і згаджаецца з яго думкай, што Скарына пры зьменах царкоўна-славянскага тэксту бібліі кіраваўся чэскай утраквісцкай бібліяй 1506 году. Будзіловіч таксама згаджаецца з вывадамі Уладзімерава аб уплыве Скарыны на пазьнейшыя „заходня-расійскія" выданьні XVI сталецьця. Будзіловіч думае, што з бегам часу пагляд Уладзімерава некалькі зьменіцца, але асноўныя вывады аўтара бадай ня будуць істотна зьменены пазьнейшымі дасьледчыкамі. Будзіловіч ня згодзен таксама і з думкай Уладзімерава аб чыста праваслаўным характары выданьняў і пісаньняў Скарыны. Перш за ўсё, самае імя Скарыны „Францішак” і яго жонкі „Мальгрэта" маюць у сабе нешта вуніцкае. Жыцьцё Скарыны ў Кракаве і ў Празе, сярод каталікоў і утраквістых не дапамагала, пэўна, выпрацоўцы альбо хаця-б захаваньню ў ім праваслаўнага сьветапагляду. Самая думка перакласьці царкоўныя біблейныя тэксты праваслаўнага славянства „на адзін з краёвых расійскіх дыялектаў", на думку Будзіловіча, не магла ў тыя часы нарадзіцца ў галаве праваслаўнага чалавека. Будзіловіч наогул схіляецца да прызнаньня протэстанцкіх уплываў на Скарыну. Недарэмна апошні карыстаўся чэскай утраквісцкай бібліяй, нязгоднай ні з Вульгатай, ні з праваслаўным канонічным тэкстам, і да некаторай ступені сэнатарскай. Будзіловіч зварочвае ўвагу таксама і на тое, што агульны характар гравюр „Малое Падарожнае Кніжыцы” можа сьведчыць аб блізкасьці Скарыны да каталіцтва. Такую супярэчнасьць Будзіловіч тлумачыць тым, што чэскі утраквізм быў каталіцкім, напоўпротэстэнцкім і дзе-ні-дзе праваслаўным. Будзіловіч з вялікаю пахвалой кажа аб разьдзеле, прысьвечаным мове Скарыны, але з некаторымі вывадамі Уладзімерава вучоны рэцэнзэнт і тут не згаджаецца. Будзіловіч не згаджаецца з Уладзімеравым адносна тутэйшага „заходня-расійскага" нараджэньня мовы Скарыны. На яго думку, трэба прыпусьціць яшчэ іншыя крыніцы, якія хаваліся ў рэлігійных адносінах тагочаснае Чэхіі і ў яе моцным уплыве ў пасьлягусыцкую эпоху на сумежныя славянскія землі, між іншым на Польшчу, а праз яе і на „Заходнюю Русь”. Будзіловіч знаходзіць, што гэтае пытаньне заслу-