Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выданьні Фіоля „да паўднёварускіх“, адносіць іх з боку тэксту да сярэдня-балгарскіх і малдаўскіх. Орыгінальныя думкі Сабалеўскага, зразумела, патрабавалі праверкі. Пазьнейшая літаратура і крытыка за Сабалеўскім не пайшла.

Другая вялікая рэцэнзія на працу Ўладзімерава належыць профэсару Львоўскага Унівэрсытэту, вядомаму славістаму Мурко. Рэцэнзэнт прылічвае дасьледваньне Уладзімерава да найлепшых гістарычна-літаратурных прац апошніх часоў. Праца, як піша рэцэнзэнт, дае шмат новага і цікавага. Мурко ставіць высака дзейнасьць Скарыны, які зьявіўся прадстаўніком другога славянскага народу, што меў у пачатку XVI сталецьця друкаваную біблію ў народнай мове. Мурко адзначае, што ў такіх агульных курсах па гісторыі літаратуры, як Галахава ці Парфір’ева, аб Скарыне альбо зусім нічога не паміналася, альбо ўпаміны абмяжоўваліся некалькімі словамі. Мурко падрабязна вылажыў зьмест працы Ўладзімерава. Ён таксама зрабіў дакор апошняму за тое, што ў яго дасьледваньні няма пасылак на вядомую працу Пэрвольфа, які першы паказаў на чэскую біблію 1506 году, як на галоўную крыніцу перакладу бібліі Скарыны. Аўтар рэцэнзіі прымае ўсе асноўныя вывады Уладзімерава. Мурко ўжо ведаў рэцэнзію Сабалеўскага і лічыў неабходным мімаходзь зрабіць некалькі ўваг адносна паглядаў апошняга на мову Скарыны. Мурко зусім нязгодзен з Сабалеўскім, які адкідаў тое, што ён прызнаваў годам раней. Мурко адзначае, што Скарына ў сваіх перакладах зусім выразна правёў проціпалажэньне беларускае мовы славянскай[1].

На кнігу Ўладзімерава адгукнуўся і М. В. Доўнар-Запольскій.[2] У сваім артыкуле „По поводу исследования Владимирова „Доктор Ф. Скорина“ М. В. Доўнар-Запольскі адзначыў шэраг пытаньняў, якія беспасрэдна вынікаюць з дасьледваньня Ўладзімерава і якія самі па сабе маюць першарадную навуковую важнасьць для гісторыі Беларусі. Эпоха, у якую жыў Скарына, па думцы Доўнар-Запольскага, зьяўляецца важным гістарычным момантам у жыцьці Беларусі, калі падрыхтоўвалася вунія каталіцтва з праваслаўем, і паасобныя групы грамадзянства гэроічна змагаліся з першым. М, В. Доўнар-Запольскі констатуе сумны стан праваслаўнае царквы, у сувязі з так званым „правам падаваньня“, якое разьвівалася ў той час і часта аддавала царкву ў рукі неадпаведных свайму прызначэньню асоб, што прыводзіла да заняпаду абычайнасьці сярод царкоўнае іерархіі. М. В. Доўнар-Запольскі, грунтуючыся на паведамленьні Міхалона, констатуе вялікі моральны заняпад сярод грамадзкіх кляс, якія панавалі ў тыя часы. Толькі такія асобы, як Г. А. Хадкевіч, мітр. Язэп Солтан і Ф. Скарына, прымалі меры да адраджэньня царквы, і абароны праваслаўя праз публікацыю кніг сьвятога пісьма. Гэтая выдавецкая дзейнасьць, як думае М. В. Доўнар-Запольскі, мела вялізарнае значэньне. Перш за ўсё, выданьне кніг сьвятога пісьма падтрымлівала праваслаўе, а разам з тым захоўвала беларускую нацыянальнасьць ад зьняволеньня яе каталіцтвам. Гэтыя кнігі мелі вялікую адукацыйную вартасьць, як крыніца тагачаснай богаслоўскяй адукацыі. Яны былі абычайнай філёзофіяй свайго роду, якая давала этычныя падставы для жыцьця. Уся гэтая дзейнасьць не прайшла бясьсьледна для беларускага народу: „русская национальность была сохранена в борьбе с унией“. Такі агульны фон эпохі, што аўтар намаляваў у рэцэнзіі. Якую-ж ролю граў Скарына? Доўнар-Запольскі лічыў, што Скарына быў адным

  1. Archive fur dlavische Philologie, 1899. XII. Стар. 243-268
  2. М. Запольский. По поводу исслед. Владимирова. «Минский листок», 1888, №42