Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заслугоўваюць увагі збоку дасьледчыка. Далей, па думцы Сабалеўскага, Уладзімераў, дзеля большай яскравасьці і правільнасьці асьвятленьня дзейнасьці Скарыны, павінен быў выясьніць, што захавалася да нашага часу ў пісьменнасьці эпохі папярэдняй і сучаснай Скарыне. Складзены Ўладзімеравым сьпіс рукапісаў XV—XVI сталецьцяў „паўднёвага і заходня-рускага пахаджэньня" надта няпоўны. Сабалеўскі прыводзіць шэраг вельмі каштоўных дадаткаў, аб якіх Уладзімераў у сваім дакладваньні ня пісаў. Далей, на думку Сабалеўскага, для болей правільнай ацэнкі прац Скарыны, Уладзімераў павінен быў-бы азнаёміцца з асаблівасьцямі мовы як-мага большага ліку „паўднёва і заходня-рускіх рукапісаў ХV—XVI сталецьцяў", а не абмяжоўвацца некалькімі кароткімі ўвагамі аб літаратурнай мове перадскарынінскае і скарынінскае эпохі. У вадносінах да азначэньня мовы Скарыны, Сабалеўскі рэзка разыходзіцца з думкай Уладзімерава аб „сьціслай сувязі прац Скарыны з перакладамі сьвятога пісьма на народную мову, якія зьявіліся ў Паўднёва-Заходняй Русі ў XVI сталецьці".

Гэты вывад Уладзімерава, як думае Сабалеўскі, грунтуецца на малым знаёмстве „з паўднёвай і заходня-рускай пісьменнасьцю XIV—XVI сталецьцяў". Таксама Сабалеўскі нязгодзен з думкай Уладзімерава аб мэтах дзейнасьці Скарыны: „даць праваслаўным паўднёва-заходняй Русі поўную біблію ў мове, зразумелай для простых людзей".

Сабалеўскі прыходзіць да зусім іншага вываду. Скарына перакладаў біблію на славянскую мову, з якою наагул у „Заходняй Русі" былі мала знаёмы. Сабалеўскі грунтуе свае вывады як на словах князя Курбскага, езуіта Пётры Скаргі і князя Астроскага, так і на адсутнасьці рукапісаў кніг сьвятога пісьма „заходня-рускага" пахаджэньня. Сабалеўскі знаходзіць, што з царкоўна-славянскіх кніг старога закону Скарына ведаў толькі „Пяцікніжжа" і адрыўкі з паасобных старазаконных кніг, якія захаваліся ў Парамейніку. Уладзімераў-жа думаў, што Скарына меў у стара-славянскім перакладзе ўсе кнігі старога закону, апроч „Прамудрасьці Саламона", „Юдыты", „Эстэры" і „Песьні Песень".

На думку Сабалеўскага, з прычыны нязначнага ліку кніг сьвятога пісьма і поўнае адсутнасьці іншых, Скарына ня мог ...думаць аб популярызацыі бібліі шляхам перакладу яе з славянскае мовы на мову рускую". Ён мог імкнуцца толькі да таго, каб зрабіць даступным і вядомым біблійны тэкст, каб пашырыць сьвятое пісьмо. Скарына пераклаў з чэскае мовы толькі тое, чаго ён ня ведаў у старым царкоўнаславянскім перакладзе, але разам з тым ён быў вельмі далёкі ад думкі пісаць і выдаваць на народнай жывой мове. Скарына заўсёды называў мову сваіх выданьняў „рускою", але бадай што з тай аднэй прычыны, што для яго словы „рускі" і „славянскі" значылі адно і тое-ж. Сабалеўскі адзначае, што славянскія выданьні, „Псалтыр" і „Апостал", Скарына ўнёс ў лік кніг, якія ён вылажыў у „рускай мове". У кожным разе, ён ня вельмі імкнуўся зрабіць свой пераклад зразумелым для простых людзей, напісаць яго на жывой мове. Такі асноўны вывад Сабалеўскага, які рэзка разыходзіцца з тым, што даводзіў Уладзімераў у сваім дасьледваньні. Нарэшце, Сабалеўскі думаў, што польская Шарашпатэцкая біблія каралевы Зоф'і, жонкі Ягеллы (Biblia krolowej Zofii, zony Jagielly z kodexu Szaroszpatackiego), была пашырана ў польскім і полёнізаваным рускім грамадзянстве і магла быць вядома Скарыне.

Адсюль ідзе пазычаньне Скарыны з польскай бібліі. Нарэшце, Сабалеўскі, у процілегласьць Уладзімераву, які адносіў кракаўскія,