Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Уладзімераў, гаворачы аб пашырэньні скарынінскіх рукапісаў у расійскіх перакладах XVI сталецьця, заўважвае, што прадмовы Скарыны значна пераапрацаваны ў залежнасьці ад паглядаў маскоўскіх кніжнікаў XVI сталецьця [1].

Апошні разьдзел даведваньня прысьвечаны мове Скарыны, якую Уладзімераў вывучыў ува ўсёй пажаданай паўнаце. Аўтар, разважаючы аб адносінах мовы Скарыны да „заходня-расійскіх" помнікаў XVI сталецьця і да беларускае мовы, адзначае ў мове Скарыны прысутнасьць як чэхізмаў, так і полёнізмаў. Апроч таго, у мове Скарыны сустракаюцца нямецкія словы, як „майстер, спиж, шахта, гафтки". Нарэшце, Скарына ўжывае і шэраг літоўскіх слоў, якія мелі вялікае пашырэньне на Беларусі ў XV і ў пачатку XVI сталецьця. У канцы свайго дасьледваньня Уладзімераў даў невялічкі слоўнік выразаў, абраных з прац Скарыны. Гэты слоўнік мае вялікую навуковую вартасьць, для гісторыі беларускае мовы[2].

Такі характар мае праца Уладзімерава ў сваіх асноўных рысах. Яна абхапіла ўсю дзейнасьць Скарыны і разгледзела яе з усебаковай паўнатой. Ува ўсіх сваіх вывадах Ўладзімераў стаіць на грунце фактаў і заўсёды ўнікае такіх суджэньняў і думак, якія немагчыма давесьці катэгарычнымі адноскамі да крыніц. Пазьней некаторыя новыя матар'ялы, датычныя жыцьцяпісу Скарыны, дапоўняць весткі аб ім, якія даў Ўладзімераў, але аж да нашага часу не зьявілася яшчэ аніводнае працы аб Скарыне, якая магла-б замяніць вышэйпамянёную працу паважанага дасьледчыка.

Упоўне зразумела, што праца Уладзімерава была важным здарэньнем першараднае навуковае вартасьці, як выдатнае дасьледваньне, у якім разгледжана жыцьцё і дзейнасьць аднаго з вялікіх беларускіх культурных дзеячоў. Цэлы шэраг дасьледчыкаў, якія зьвярнулі ўвагу на працу Уладзімерава, адгукнуліся на яе рэцэнзіямі і адозвамі аб гэтым выдатным ва ўсіх адносінах дасьледваньні.

ІІІ.

Багатае матар'ялам і вельмі каштоўнае вывадамі дасьледваньне Уладзімерава, зьвярнула на сябе ўвагу ў спэцыяльнай навуковай літаратуры. А. І. Сабалеўскі [3] першы адгукнуўся на працу Уладзімерава. Сабалеўскі, аддаючы належнае працавітасьці і дасьціпнасьці Уладзімерава і лічачы яго „труд лучшим из трудов по нашей старой литературе за последние годы”, думаў, аднак, што трэба крытычна аднесьціся да дасьледваньня Уладзімерава «ввиду наличия в последнем кое-каких недостатков и расхождения с автором во взглядах на некоторые частности", А. І. Сабалеўскі па сутнасьці згаджаецца з асноўнымі палажэньнямі Уладзімерава. Крытычныя ўвагі яго зводзяцца да наступнага.

Перш за ўсё, асноўны вывад аўтара аб тым, што Скарына многа карыстаўся перакладам чэскае бібліі выданьня 1506-га году, ня ёсьць новы, Сабалеўскі адзначае, што першы раз гэтая думка, як прыпушчэньне, выказана была Пэрвольфам. Але рэцэнзэнт павінен прызнаць што гэтае прыпушчэньне Пэрвольфа было зацьверджана толькі Ўладзімеравым „на незыблемом основании”. Далей, Сабалеўскі робіць Уладзімераву закід за тое, што ён не памінае аб артыкуле анонімнага аўтара «Об отношении перевода Скорины к Вульгате и древнему церковно-славянскому тексту", дзе ёсьць шэраг меркаваньняў, якія

  1. Владимиров. Op. cit., стар. 243-244
  2. Ibidem, стар. 300-301, 302-317
  3. ”Журнал Министерства Народного Просвещения”, 1888, Х, стар. 321-322