Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зьяўляючыся царкоўна-славянскім у сваёй аснове, мае шмат супольнага з яго папярэднімі працамі. Падобна да ўсіх кніжок бібліі, пачынаючы ад „Псалтыру” 1517 году, паасобныя часткі „Апостала” маюць прадмовы Скарыны, большая частка якіх называецца „сказаниями" [1]. Сам Скарына разглядае выданьне „Апостала" як прадаўжэньне сваіх праскіх выданьняў. [2] Выдаючы „Апостал" па царкоўна-славянскім тэксьце, таксама без усялякае крытыкі і рэдакцыі, Скарына паасобныя славянскія незразумелыя словы замяняў болей зразумелымі для „посполитого народа руского". У самым тэксьце „Апостала” Ўладзімераў адзначае мноства такіх замен стара-славянскіх слоў і выразаў. Уладзімераў таксама адзначае, што замененыя словы і выразы часта супадаюць з чэскай бібліяй, што сьведчыць аб карыстаньні Скарынай бібліяй 1506 году і пры выданьні свайго „Апостала".[3]

Таксама падрабязна разгледзеў аўтар і „Малую Падарожную Кніжыцу". Зьмест гэтае „Кніжыцы", як вядома, вельмі рознастайны. „Кніжыца" прызначалася, як думае, Ўладзімераў для сьвецкіх людзей. У склад „Малое Падарожнае Кніжыцы” ўваходзіў таксама і псалтыр, які па нагляданьнях Уладзімерава, мае нязначныя адхіленьні ад праскага выданьня „Псалтыру". І ў выданьні „Малое Падарожнае Кніжыцы" Скарына замяняў незразумелыя царкоўнаславянскія словы болей простымі і зразумелымі словамі.[4] Уладзімераў, адзначаючы, што выдавецкая дзейнасьць Скарыны спынілася ў 1525 годзе, лічыць, аднак, што кнігі Скарыны зрабілі вялікі ўплыў на беларускія выданьні як у друкарскіх адносінах, так і ў адносінах тэксту. Так, напэўна, несьвіскі катэхізіс Сымона Буднага (1562 г.) і эвангельле Базыля Цяпінскага былі надрукаваны і выданы пад беспасрэдным уплывам Скарыны. Адзначаючы, што далейшае разьвіцьцё друкарскае справы на Беларусі і Украіне было зьвязана з маскоўскімі друкарамі, Іванам Фёдаравым і Пётрам Мсьціслаўцам, Уладзімераў піша, што, ня гледзячы на маскоўскі ўплыў у друкарскіх адносінах, трэба адзначыць таксама і ўплыў Скарыны як на віленскія, так і на астроскія выданьні. Гэткім-жа чынам Уладзімераў адзначае пэўны ўплыў Скарыны і з боку зьместу. Уладзімераў заўважыў, што выдаўцы астроскае бібліі карысталіся і перакладам Скарыны, хаця імя яго ў самым рукапісе ня было паказана. Уладзімераў піша аб пашырэньні перакладаў скарынінскае бібліі ў рукапісных сьпісах XVI сталецьця. Гэтыя сьпісы падзяляюцца на тры аддзелы. Адны ёсьць сьпісы толькі з друкаваных выданьняў Скарыны; другія, разам з кнігамі Скарыны, вядомымі ў друку, зьмяшчаюць і іншыя кнігі, невядомыя ў друку; і, нарэшце, трэція маюць такія значныя адхіленьні ў перакладзе ад вядомых кніг Скарыны, што прымушаюць аднесьці іх да самастойных перакладаў прадоўжнікаў справы Скарыны. Разглядаючы рукапісы другога тыпу, Уладзімераў прыходзіць да вываду, што Скарына пераклаў усю Біблію, аб чым ёсьць паказаньні ў самога Скарыны[5]. Існаваньне прадоўжнікаў справы Скарыны таксама сьведчыць аб тым, што яго пераклады мелі вялікае пашырэньне і зрабілі ўплыў на перакладчыкаў. Пэўна, што эвангельле, перакладзенае Базылём Цяпінскім, мела на сабе ўплыў скарынінскага перакладу новага закону, які не захаваўся. Таксама скарынінскі ўплыў адбіўся і на так званым Перасопніцкім эвангельлі[6].

  1. Владимиров. Op. cit., стар. 184
  2. Ibidem, стар. 185
  3. Ibidem, стар. 186
  4. Ibidem, стар. 191, 192, 200
  5. Ibidem, стар. 202, 205-206, 207, 211, 223, 227, 234
  6. Ibidem, стар. 234-237